Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 107

Валер Булгакаў

Тым часам Ганчар у зьняволеньні трымаў сухую галадоўку. На сёмы дзень нейкія людзі ў масках (верагодна, супрацоўнікі службы бясьпекі прэзыдэнта) прымусова ўлілі В. Ганчару ў рот 400 грамаў глюкозы. У апошні дзень зьняволеньня, 10 сакавіка 1999 г., старшыня Цэнтравыбаркаму на 3 гадзіны быў зьмешчаны ў карцэр — халодную камэру ў лёхах турмы.

Пакуль Ганчар сядзеў у турме, пасольства Злучаных Штатаў распаўсюдзіла спавешчаньне аб стане правоў чалавека ў Беларусі за 1998 год. У ім зноў была пацьверджана нязьменнасьць пазыцыі ЗША што да рэфэрэндуму 1996 году, а таксама было адзначана, што прадстаўнікі сілаў бясьпекі маюць беспасярэдняе дачыненьне да шматлікіх парушэньняў правоў чалавека. У адной з сваіх наступных заяваў па Беларусі дзярждэп ЗША прызнаў дэпутатаў ВС 13 скліканьня Ўладзімера Кудзінава і Андрэя Клімава, а таксама старшыню калгасу «Расьсьвет» Васіля Старавойтава, якія былі асуджаныя па чыста крымінальных артыкулах, вязьнямі сумленьня. Прынцыповая пазыцыя міжнароднай супольнасьці прымусіла ўладу адмовіцца ад правядзеньня хвалі шырокамаштабных рэпрэсіяў супраць апазыцыі.

У хуткім часе дэмакратычныя сілы Беларусі атрымалі падтрымку і з боку эўрапейскай супольнасьці. 11 сакавіка Эўрапейскі Парлямэнт аднагалосна прыняў жорсткую рэзалюцыю пра сытуацыю ў Беларусі. У ёй было выказана патрабаваньне правесьці свабодныя і справядлівыя выбары да таго моманту, калі скончыцца тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта Лукашэнкі. Эўрапарлямэнт заклікаў забясьпечыць пры правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў усе стандарты АБСЭ, спыніць крымінальны перасьлед і запалохваньне апазыцыйных сілаў, «якія займаюцца падрыхтоўкай законнай кампаніі выбараў прэзыдэнта».

У абарону кіраўніка ЦВК В. Ганчара выступілі Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, а таксама старшыня АБСЭ міністар замежных справаў Нарвэгіі Кнут Волебэк. Amnisty International абвясьціла Ганчара вязьнем сумленьня.

Збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты сутыкнуўся з актыўным супрацьдзеяньнем уладаў. У этэры Беларускага тэлебачаньня прайшоў шэраг прапагандысцкіх перадачаў, у якіх на зборшчыкаў подпісаў «палявалі» супрацоўнікі міліцыі.

Наступны ўдар быў нанесены найбуйнейшым дэмакратычным палітычным партыям і недзяржаўным грамадзкім арганізацыям Беларусі, дзякуючы рэсурсам і ўдзелу якіх праводзілася гэтая кампанія. 15 сакавіка Міністэрства юстыцыі вынесла афіцыйныя папярэджаньні БНФ, АГП, Беларускаму Гельсынскаму камітэту. Цяпер, у адпаведнасьці з заканадаўствам, зьявілася юрыдычная падстава для адмовы гэтым арганізацыям у перарэгістрацыі. Зачэпкай для папярэджаньняў сталася «незаконная» дзейнасьць гэтых арганізацыяў што да правядзеньня альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў. На стан 15 сакавіка Дзяржаўны камітэт у справах друку вынес папярэджаньні за інфармацыйную падтрымку выбараў больш як 10 незалежным беларускім СМІ.