Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 106

Валер Булгакаў

Тым ня менш, 24 лютага старшыня ЦВК В. Ганчар паведаміў аб стварэньні тэрытарыяльных — абласных і раённых — выбарчых камісіяў. Наступным этапам працы Цэнтравыбаркаму было абвешчана ўтварэньне ўчастковых выбарчых камісіяў. Гэты этап быў самым складаным для рэалізацыі. Перад ЦВК стаяла заданьне ўва ўмовах усё больш жорсткіх рэпрэсіяў арганізаваць працу некалькіх тысячаў такіх участкаў і прыцягнуць каля 10 тысячаў актывістаў.

У адказ на гэта раніцай 25 лютага Цэнтравыбаркам у поўным складзе быў затрыманы сіламі міліцыі па абвінавачаньні ў правядзеньні несанкцыянаванага сходу. Гэтая акцыя ўлады выклікала неадкладную рэакцыю міжнароднай супольнасьці. У той самы дзень прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША зрабіў жорсткую заяву: «Злучаныя Штаты зь вялікай занепакоенасьцю ўспрынялі вестку аб сёньняшнім арышце праваахоўнымі органамі старшыні Цэнтравыбаркаму В. Ганчара, а таксама іншых сябраў камісіі». У заяве было адзначана, што «канстытуцыйныя рознагалосьсі — гэта беспасярэдні вынік незаконнага рэфэрэндуму 1996 году» і што «беларускі Канстытуцыйны Суд прызнаў рэфэрэндум 1996 году неканстытуцыйным, а Злучаныя Штаты, Эўрапейскі Зьвяз, тройка АБСЭ і Парлямэнцкая асамблея, а таксама большая частка міжнароднай супольнасьці не прызналі яго вынікаў. Нягледзячы на гэта, прэзыдэнт Лукашэнка выкарыстаў рэфэрэндум для пашырэньня сваіх паўнамоцтваў і працягу на два гады тэрміну свайго знаходжаньня на пасадзе».

Вэрбальны двубой міжнароднай супольнасьці і беларускага рэжыму працягваўся. У той жа дзень, 25 лютага, старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Аляксандар Козыр заявіў аб намеры беларускага боку пастаўляць узбраеньні ў «братнюю» Югаславію. Паводле яго словаў, 3 сакавіка ў Менск прыбудзе з афіцыйным візытам міністар замежных справаў Югаславіі, падчас перамовінаў зь якім плянуецца ўкласьці пагадненьне аб пастаўках узбраеньняў. Беларускія ўлады пачынаюць выкарыстоўваць балканскі крызыс для аказаньня ўплыву на пазыцыю Захаду ў «беларускім пытаньні».

Затрыманьне сябраў Цэнтравыбаркаму раніцай 25 лютага было перадусім акцыяй застрашэньня. Акурат таму на іх затрыманьне былі кінутыя непрапарцыйна вялікія для такой акцыі сілы міліцыі. Лукашэнка (які быў у той час у Маскве) назваў затрыманьне «памылкай». Вечарам 25 лютага В. Ганчара і яго калегаў адпусьцілі.

У сувязі з рэпрэсіямі Цэнтравыбаркам быў вымушаны паскорыць правядзеньне кампаніі. 1 сакавіка Цэнтравыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўныя групы экс-прэмьера Міхаіла Чыгіра і лідэра БНФ Зянона Пазьняка па вылучэньні кандыдатаў у прэзыдэнты. Ініцыятыўная група кожнага кандыдата складала каля 3 тысячаў чалавек. З моманту рэгістрацыі ініцыятыўным групам была дадзена права зьбіраць подпісы ў падтрымку сваіх кандыдатаў. Адразу пасьля гэтага супрацоўнікі міліцыі затрымалі і гэтым разам моцна зьбілі Ганчара.

3 сакавіка, як і плянавалася, адбыўся афіцыйны візыт у Беларусь міністра замежных спраў Югаславіі Жывадзіна Ёванавіча. Ён быў дэманстрацыйна прыняты на найвышэйшым узроўні — прэзыдэнтам Лукашэнкам, дзяржаўным сакратаром Рады бясьпекі Шэйманам і міністрам замежных справаў Уралам Латыпавым. Замежныя і беларускія СМІ асабліва падкрэсьлілі, што адбылася сустрэча Ёванавіча зь міністрам абароны Беларусі генэралам Чумаковым. У выніку перамовінаў быў падрыхтаваны праект дамовы аб аказаньні рэжыму Мілошавіча ваенна-тэхнічнай дапамогі. Згодна зь ім, беларускі бок абавязаўся прадставіць вытворчыя магутнасьці і спэцыялістаў Барысаўскага танкарамонтнага заводу для мадэрнізацыі югаслаўскай танкавай тэхнікі і ажыцьцявіць падрыхтоўку югаслаўскіх вайскоўцаў у галіне супрацьпаветранай абароны на базе Ваеннай акадэміі Беларусі.