Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 102

Валер Булгакаў

У ходзе першага паседжаньня Цэнтравыбаркаму была дасягнутая згода па адным з найважнейшых пытаньняў — пытаньні аб фінансаваньні выбарчай кампаніі. Дарма што Канстытуцыяй 1994 году прадугледжвалася толькі бюджэтнае фінансаваньне, у сувязі зь немагчымасьцю выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі было вырашана праводзіць выбары за кошт добраахвотных ахвяраваньняў і з гэтай мэтай стварыць спэцыяльны фонд.

Падзеі, зьвязаныя з ініцыятывай дэмакратычных сілаў правесьці прэзыдэнцкія выбары, не засталіся незаўважанымі па-за межамі краіны. 17 студзеня, пасьля больш як паўгадовай адсутнасьці ў Менск вярнуліся паслы заходніх дзяржаваў. А 18 студзеня ў Менск прыбыла спэцыяльная кансультацыйна-наглядальная група АБСЭ пад кіраўніцтвам Адрыяна Севярына. Група правяла сустрэчы як з прадстаўнікамі апазыцыі — кіраўнікамі ВС 13 скліканьня, так і з прадстаўніком беларускіх уладаў — намесьнікам міністра замежных справаў Сяргеем Мартынавым. У апошні дзень візыту, 19 студзеня, група сустрэлася зь сьпікерам ВС 13 скліканьня Сямёнам Шарэцкім, экс-прэм’ер-міністрам Міхаілам Чыгіром і старшынём Цэнтравыбаркаму Віктарам Ганчаром. Факт сустрэчы афіцыйных прадстаўнікоў АБСЭ з прадстаўнікамі Вярхоўнага Савету, апазыцыйнага Цэнтравыбаркаму і асабіста Міхаілам Чыгіром, які яшчэ пры канцы 1998 году абвясьціў аб сваім жаданьні змагацца за прэзыдэнцкую пасаду на выбарах 1999 году, быў зынтэрпрэтаваны як знак падтрымкі ініцыятывы правядзеньня альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі з боку міжнароднай супольнасьці, пацьвердзіў нязьменнасьць пазыцыі Захаду што да прызнаньня дзейным Асноўным Законам Беларусі Канстытуцыю 1994 году і адзіным легітымным заканадаўчым органам — Вярхоўны Савет.

Гэтыя сустрэчы выклікалі нэгатыўную рэакцыю з боку ўладаў. Прычым на гэты раз Лукашэнка выказаў сваю незадаволенасьць пазыцыяй Захаду ня толькі праз хвалю прапаганды з боку сваіх СМІ. 20 студзеня Югаславіі быў прадастаўлены статус наглядальніка пры Парлямэнцкай Асамблеі Саюзу Расіі і Беларусі. Гэты крок, улічваючы верагодную эскаляцыю балканскага крызысу, быў пакліканы прадэманстраваць Захаду волю беларускіх уладаў аказаць рэжыму Мілошавіча ня толькі дыпляматычную падтрымку.

Характар палітыкі Лукашэнкі (як і якога-любя іншага кіраўніка дзяржавы), яго разуменьне пэрспэктываў разьвіцьця ўнутры- і вонкавапалітычнай сытуацыі заўсёды яскрава адлюстроўваюцца ў адпаведнай кадравай палітыцы. 20 студзеня 1999 году шэфам службы бясьпекі прэзыдэнта быў прызначаны палкоўнік міліцыі Ўладзімер Навумаў. Да свайго прызначэньня У. Навумаў камандаваў аддзелам спэцыяльнага прызначэньня Міністэрства ўнутраных справаў «Алмаз». Ніколі яшчэ чалавек з МУС не надзяляўся такой пасадай. Да прызначэньня У. Навумава службай бясьпекі прэзыдэнта кіраваў палкоўнік КДБ, камандзір аддзелу спэцыяльнага прызначэньня КДБ «Альфа» Юры Бародзіч. Акурат яго падначаленыя былі галоўнай ударнай сілай пры правядзеньні ў красавіку 1995 году акцыі супраць галадуючых дэпутатаў ВС. Прызначэньне У. Навумава і пасьлейшая ратацыя ў службу бясьпекі прэзыдэнта супрацоўнікаў «Алмазу» сьведчыла аб тым, што Лукашэнку спатрэбілася іншая служба бясьпекі. Ён рыхтаваўся да падзеяў, зьвязаных з сканчэньнем тэрміну яго паўнамоцтваў у ліпені 1999 году. Яму была патрэбна адпаведная каманда, здольныя выканаць любую, самую брудную і, пры неабходнасьці, крывавую працу. Лукашэнку былі патрэбныя такія кадры, якія пойдуць зь ім да канца.