Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 104

Валер Булгакаў

З прызначэньнем Сівакова канчаткова акрэсьлілася пазыцыя Лукашэнкі і яго атачэньня што да альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў. Пры існай унутрыпалітычнай сытуацыі нельга было сьцьвярджаць, што «раскрутка» альтэрнатыўнай выбарчай кампаніі зможа прывесьці да зьмены ўлады ў Беларусі: у Лукашэнкі на той час было значна больш рэсурсаў для ўтрыманьня ўлады, чымся ў яго апанэнтаў для яе здабыцьця. Але, тым ня менш, ні сам Лукашэнка, ні яго дараднікі не маглі сабе дакладна ўявіць, наколькі неабходна будзе змабілізаваць даступныя ім рэсурсы для захаваньня ўлады. Уплыў шэрагу фактараў рабіў магчымым разьвіцьцё ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі ў неспрыяльным для аўтарытарнай улады кірунку:

— была відавочнай кансалідацыя апазыцыйных сілаў вакол ідэі правядзеньня альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў;

— станавілася ўсё больш было сымптомаў блізкога пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў Беларусі: стан эканомікі краіны ў значнай ступені залежаў ад эканамічнай сытуацыі ў Расіі, якая была асноўным гандлёвым партнэрам Беларусі. Расійскі дэфолт жніўня 1998 г. моцна ўдарыў па беларускай эканоміцы;

— сканчэньне тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі пры рэзкім пагаршэньні эканамічнай сытуацыі ў краіне давала дэмакратычным сілам актыўную падтрымку з боку прафсаюзаў. Пры нявыгадным для рэжыму разьвіцьці сытуацыі на вуліцы разам з апазыцыяй маглі б выйсьці рабочыя буйных прадпрыемстваў — тады для ўлады ўтрымаць сытуацыю пад кантролем было б дастаткова складана.

Такім чынам, недзе на пачатку лютага ўладай быў выбраны курс на жорсткае здушэньне альтэрнатыўнай выбарчай кампаніі. 9 лютага адбылося паседжаньне Рады бясьпекі, на якім былі вызначаныя адказныя асобы за рэалізацыю захадаў супраць альтэрнатыўнай выбарчай кампаніі і зацьверджаныя паўнамоцтвы каардынатара правядзеньня контразахадаў — дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі Шэймана. Напярэдадні гэтага паседжаньня быў прызначаны міністрам ўнутраных справаў Сівакоў — яму адводзілася роля аднаго з асноўных выканаўцаў гэтых захадаў.

На наступны дзень, 10 лютага, «засьвяціліся» некаторыя зь іншых удзельнікаў паседжаньня. У гэты дзень у этэры Беларускага тэлебачаньня старшыня Дзяржаўнага камітэту ў справах друку Міхаіл Падгайны зрабіў прыкладна наступную заяву: «СМІ, якія заклікацьмуць да ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 16 траўня, будзе выносіцца папярэджаньне Дзяржаўнага камітэту ў справах друку. Другое папярэджаньне будзе азначаць закрыцьцё СМІ». Падгайны падкрэсьліў, што «СМІ ў Беларусі павінны прытрымлівацца палажэньняў Канстытуцыі 1996 году». Другая заява была зроблена Генэральным пракурорам Алегам Бажэлкам падчас інтэрвію журналістам беларускіх СМІ. Ён заявіў, што «дзейнасьць парушальнікаў Канстытуцыі (дэпутатаў Вярхоўнага Савету — арганізатараў прэзідэнцкіх выбараў. — Рэд.) будзе апэратыўна вывучацца, і калі будуць высьветленыя факты парушэньня дзейнага заканадаўства, будуць узбуджацца адміністрацыйныя і крымінальныя справы».