Читать «Беларуская палітычная сыстэма і прэзыдэнцкія выбары 2001 г.» онлайн - страница 103

Валер Булгакаў

Тым часам Захад пасьлядоўна праводзіў сваю палітыку: 25 студзеня КНГ АБСЭ распаўсюдзіла заяву аб сваем стаўленьні да прызначаных Лукашэнкам на сакавік 1999 году выбараў у мясцовыя Саветы: «Палажэньні Закону аб выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы ня могуць забясьпечыць правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў».

30 студзеня адбыты ў Менску Кангрэс дэмакратычных сілаў прыняў рэзалюцыю пра поўную падтрымку прэзыдэнцкіх выбараў 16 траўня 1999 году. Гэта падзея мела ключавое значэньне для кансалідацыі дэмакратычнага лягеру (партыяў, прафсаюзаў, грамадзкіх ініцыятываў) напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Рэакцыя ўладаў ня змусіла доўга чакаць: 1 лютага была абвешчана перарэгістрацыя палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў. На пасаду кіраўніка камісіі па перарэгістрацыі быў прызначаны стары русафіл Уладзімер Замяталін. Тым самым улада дала зразумець, што зарукай пасьпяховай перарэгістрацыі для палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў будзе няўдзел у альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбарах.

Неўзабаве кампанія рэжыму супраць арганізацыі прэзыдэнцкіх выбараў перайшла ў іншае поле. 3 лютага В.Ганчар заявіў, што з рэгіёнаў прыходзіць шмат зьвестак аб тым, што мясцовыя аддзяленьні банкаў адмаўляюцца пераводзіць грошы на рахунак Цэнтравыбаркаму, які быў разьмешчаны ў камэрцыйным банку «Прыёрбанк». На запыт Цэнтравыбаркаму ў юрыдычны аддзел НББ быў дадзены адказ, што «блякаваньне рахунку парушае заканадаўства».

8 лютага Лукашэнка ажыцьцявіў яшчэ адну кадравую зьмену: на пасаду міністра ўнутраных справаў быў прызначаны былы камандуючы ўнутранымі войскамі Юры Сівакоў. Ён зьмяніў на гэтай пасадзе генэрал-лейтэнанта Валянціна Агальца, які займаў яе ажно тры з палавінай гады. Гэта была ня менш знакавая кадравая перастаноўка, чым прызначэньне на пасаду шэфа службы бясьпекі У. Навумава. На месца адданага рэжыму Агальца быў прызначаны генэрал, здольны ня проста выконваць волю прэзыдэнта, але і праяўляць падчас гэтага «творчую ініцыятыву». Сваёй новай пасадай Сівакоў быў збольшага абавязаны падтрымцы асобы з найбліжэйшага атачэньня Лукашэнкі — Віктара Шэймана, пад кіраўніцтвам якога Ю. Сівакоў працаваў у Радзе бясьпекі да таго, як узначаліў унутраныя войскі. Шэйман добра ведаў Сівакова яшчэ з канца 80-х гадоў (тады маёр Шэйман, як і Сівакоў, служыў у Берасьці). Сівакоў яшчэ ў 1995 годзе заслужыў давер Лукашэнкі: акурат ён узначаліў у верасьні 1995 году дзяржаўную камісію па расьсьледаваньні інцыдэнту зь зьбітым паветраным шарам і пагібельлю амэрыканскіх аэранаўтаў і, натуральна, вінаватых не знайшоў. Навумаў і Сівакоў не былі адзінымі прадстаўнікамі новай хвалі прызначэнцаў Лукашэнкі на кіраўнічыя пасады ў праваахоўных органах. Адбыліся кадравыя зьмены і ў кіраўніцтве КДБ: яшчэ 20 студзеня на пасаду намесьніка старшыні КДБ быў прызначаны былы старшыня Гарадзенскага ўпраўленьня КДБ Уладзімер Мацюшка.