Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 5

Гэнрых Сенкевіч

Бяручы гэта пад увагу, ён перш за ўсе паўтарыў пытаньне:

— Што гэта за народ?...

— Ну, але.

Войтэку былі вядомы тры народы: у сярэдзіне „палякі“, з аднаго боку „рускія", а з другога — „немцы“. Але немцаў былі розныя гатункі. Дзеля гэтага, хочучы выказацца больш ясна, як точна, ён сказаў:

— Што гэта за народ — французы? Ды як табе сказаць: мусі гэткія самыя немцы, толькі яшчэ горшыя...

— О, сьцервы! — заўважыў Бартэк.

Дасюль ён меў да французаў адно толькі пачуцьцё, а ласьне пачуцьцё нязвычайнага страху. А цяпер гэты жаўнер прускага ляндвэру выкладаў яму больш ясную патрыятычную непрыязьнь. Аднак жа. ён яшчэ ня ўсё зразумеў і дзеля гэтага ізноў спытаўся:

— Значыцца, немцы будуць ваяваць з немцамі?

Тут Войтэк, як другі Сократ, рашыў ісьці шляхам параўнаньняў і запярэчыў:

— А хіба твой Лысы з маім Бурым ня кусаюцца?

Бартэк расплюшчыў вочы і з мінюту глядзеў на свайго настаўніка.

— Гэта праўда... — заўважыў ён.

— Гэта-ж і аўстрыякі — немцы, — казаў далей Войтэк, — а хіба нашыя не біліся з імі ? Стары Сьвершч расказаваў, што як ён быў на тэй вайне, дык Штэйнмэц крычаў ім: „Наперад, хлопцы, на немцаў!" Толькі з французамі ня гэтак-то й лёгка!

— О, Божа!

— Французы ніколі ніводнае вайны не прагралі. Француз, як прыстане да цябе, дык ужо ня вывернешся, ня думай. Кожны іхні мужык у две ці ў тры разы большы за нашага, а бароды ў іх доўгія, як у жыдоў. Іншы чорны, як чорт! Гэткага, калі ўбачыш, дык ужо маліся Богу!

— Ну дык нашто-ж нам ісьці да іх? — з сумам пытаецца Бартэк.

Гэта філёзофская ўвага, быць можа, была ня так дурною, як яна здавалася Войтэку, які, відочна, пад уплывам урадовых натхненьняў, пасьпяшыў адказаць:

— Я таксама лічыў-бы за лепшае ня йсьці. Але-ж, калі не пайдзем мы, дык прыйдуць яны. Нічога не парадзіш. А ты чытаў, што было надрукована? Яны больш за ўсё злыя на нашых мужыкоў. Людзі кажуць, як быццам яны дзеля таго так ласуюць на тутэйшыя землі, што хацелі правозіць з Польскага Каралеўства контрабандным спосабам гарэлку, а тутэйшы ўрад не пазваляе — і праз гэта вайна. Цяпер разумееш?

— Чаму-ж не разумець, — сказаў Бартэк.

Войтэк казаў далей:

— Кажуць яшчэ, быццам яны страшэнна любяць бабаў.

— Дык, значыцца, да прыкладу сказаць, яны й маёй Магдзе не даравалі-б?

— Яны й старых не абмінаюць.

— О, — крыкнуў Бартэк гэткім тонам, як быццам хацеў гэтым сказаць: ну, калі так, дык я ўжо ім дам.

Яму здавалася, гато гэта ўжо занадта. Гарэлку хай сабе ціхачом правозяць, а датычна Магды—даруй цяпер. Бартэк пачаў глядзець цяпер на гэту вайну з пункту гледжаньня ўласных інтарэсаў і пачуў нейкую бадзёрасьць пры думцы, што гэтулькі гарматаў і войска йдзе бараніць Магду, якой пагражае францускае валачайства. Кулакі яго нявольна зашчаміліся, і страх перад французамі зьмяшаўся ў яго розуме з ненавісьцю да іх. Ен прыйшоў да перакананьня, што ўжо нічога не парадзіш, што трэба йсьці. Тымчасам надыйшла ноч. Сьцямнела. Вагоны, едучы па няроўных рэйках, моцна важгаліся, і ў тахту з іхнімі рухамі гойдаліся направа і налева каскі і штыхі.

Прайшла гадзіна, другая. З коміна паравозу выляталі мільёны іскраў, якія скрыжоўваліся паміж сабою ў цемнаце. Бартэк доўга ня мог заснуць: як тыя іскры ў паветры, — гэтак у яго ў галаве мігцелі думкі аб вайне, аб Магдзе, аб Пагнэмбіне, аб французах і немцах. Яму здавалася, што калі-б ён навет хацеў, дык ужо ня мог-бы ўстаць з гэтае лаўкі, на якой сядзеў. Нарэшце, Бартэк заснуў, але нездаровым паўсном. Сьніў ён, быццам яго Лысы кусаецца з Войткавым Бурым ды гэтак, што шэрсьць ляціць касмакамі. Ен схапіў палку, каб іх памірыць, як раптам бачыць ужо нешта іншае: каля Магды сядзіць француз, чорны, як сьвятая зямля, а Магда рада, — сьмяецца і вышчарае зубы. Іншыя французы сьмяюцца з Бартэка і паказваюць на яго пальцамі... Гэта напэўна паравоз шуміць, але яму прыдаецца, быццам французы кажуць: Магда! Магда! Магда! Бартэк крычыць: ціха, зладзеі! пусьцеце бабу! А яны ўсё: Магда! Магда! Магда! Лысы і Буры брэшуць, цэлы Пагнэмбін крычыць: не давай бабы! а ён быццам зьвязаны. Нарэшце, Бартэк рвануўся, — вяроўкі парваліся, і ён хап за валасы француза, ды раптам...