Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 32

Гэнрых Сенкевіч

Тымчасам да ганку пад‘яжджае брычка і ў залю ўваходзіць ксёндз, а сьледам за ім стары Мацей з Пагнэмбіна.

— Дзень добры! дзень добры! — выгукваюць сабраныя. — На чыім баку большасьць?

Ксёндз з мінюту маўчыць і затым моцна заяўляе:

— Выбраны Шульбэрг!

— Як? Што сталася? Якім чынам? Дворны казаў, што выбраны пан Яжынскі. Што сталася?

У гэтую мінюту пан Яжынскі выводзіць з залі сваю жонку, якая ледзь стрымліваецца ад сьлёз.

— О, няшчасьце! няшчасьце! — паўтараюць прысутныя, хапаючыся за галовы.

У гэтую мінюту з боку вёскі далятаюць нечыя вясёлыя выгукваньні. Гэта пагнэмбінскія немцы гэтак радасна трыумфуюць сваю перамогу.

Пан і пані Яжынскія ізноў вяртаюцца ў залю. Чутно, як каля дзьвярэй Яжынскі кажа жонцы: „Il faut faire bonne mine.“ Маладая гаспадыня ўжо ня плача. Вочы ў яе сухія і толькі твар моцна гарыць.

— Скажэце-ж цяпер, як гэта здарылася? — спакойна пытаецца гаспадар.

— Як-жа ж магло ня здарыцца, — заяўляе стары Мацей, — калі й тутэйшыя пагнэмбінскія мужыкі падалі галасы за Шульбэрга.

— Хто такі?

— Як гэта так тутэйшыя?

— А як-жа. Я сам бачыў, дый і ўсе бачылі, як Бартэк Словік падаў голас за Шульбэрга...

— Бартэк Словік?—пытаецца пані Яжынская.

— Але. Цяпер яго вяскоўцы лаюць. Мужык качаецца па зямлі, плача; Магда яго лае да апошняга. Але я сам бачыў, як ён галасаваў...

— Гэткага мужыка трэба выгнаць вон з вёскі, — заўважае ўласьнік Мізэрова.

— Гэта-ж і іншыя, што былі на вайне, гэтак сама галасавалі, як і ён, — кажа Мацей. Людзі кажуць, што ім гэтак загадалі...

— Надужыцьці, надужыцьці! выбары няважныя, гвалт! машэньніцтва!—чуюцца розныя галасы.

У гэты дзень невясёлы быў палудзень ў нагнэмбінскім двары.

— Увечары Яжынскія выехалі, але ўжо ня ў Бэрлін, а толькі ў Дрэздэн.

Тымчасам Бартэк, абсыпаны лаянкай і пракляцьцямі, сядзеў у сваёй хаце, чужы навет для ўласнае жонкі, таму што і яна ў гэты дзень ухілялася ад яго і ўпарта маўчала.

***

Увосень Бог даў ураджай і пан Юст, якому засталася Бартэкава зямля, цешыўся, што зрабіў саўсім не благую справу.

Праз нейкі час з Пагнэмбіна ў места ішло трое людзей: мужык, баба і дзіця. Мужык пахудзеў, згорбіўся і болей быў падобны да высахшага дзеда, як да здаровага чалавека. Яны ішлі ў места, таму што не маглі знайсьці працы ў Пагнэмбіне. Кропіў дождж; баба плакала з гора й тугі па згубленай хаце і ўсёй вёсцы. Мужык маўчаў. На дарозе ня было відаць ні ваза, ні чалавека і толькі ў баку чарнеў змочаны дажджом крыж. Дождж ліў усё мацней, хмары зацягнулі неба і паступова цямнела.

Бартэк, Магда і Франэк ішлі ў мэста, таму што пераможніку каля Гравэлёту і Сэдану трэ‘ было яшчэ ўзімку сядзець у вастрозе па справе Бэгэ.

Паны Яжынскія заўсёды пражывалі ў Дрэздэне.

Зноскі

1

Словік — папольску — салавей.

2

Перакручанае польскае слова szloik — азначае człowiek — чалавек.