Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 6

Гэнрых Сенкевіч

I раптам ён чуе моцны боль, як-бы хто ўдарыў. Бартэк прачыхаецца і ўстае на ногі. Усе жаўнеры ў вагоне абудзіліся, ўсе пытаюцца, што сталася. Аказваецца, што небарака Бартэк праз сон схапіў унтэр-афіцэра за бараду, і вось цяпер ён стаіць, выцягнуўшыся, як струна, трымае пад брыль, а унтэр-афіцэр махае рукамі і крычыць, як шалёны!

— Ach Sie! Dammes Vich aus der Polakei Hau, ich den Lummel in die Fresse, das ihm di Zähne sektionsweise, aus dem Maule herausflegen werden. (Ах ты! дурная польская жывёла. Я гэтак лясну табе па мордзе, што твае зубы павылятаюць).

Унтэр-афіцэр навет ахрып ад злосьці. а Бартэк усё стаіць і трымае пад брыль. Жаўнеры ледзь стрымліваюцца ад сьмеху, але баяцца, таму што з вуснаў унтэр-афіцэра разьлягаюцца апошнія стрэлы: Ein polnischer Ochse! (польскі бык!) Ochse aus Podolien! (падольскі бык!).

Нарэшце, ўсё сьціхла. Бартэк сеў на ранейшае месца. Ен пачуваў, што шчака ў яго пачынае пухнуць, а паравоз, як на злосьць, усё паўтараў:

— Магда! Магда! Магда!

III.

Раніца. Белае сьвятло асьвятляе сонныя і змораныя твары. На лаўках у бязладзьдзі сьпяць жаўнеры. Адны з галавамі, схіленымі на грудзі, іншыя — з задранымі назад. Зарніца асьвятляе рожавым сьвятлом увесь сьвет. У паветры здорава і халадкавата. Жаўнеры будзяцца і пры сьвятле зарніцы бачаць нейкі незнаёмы ім край. Дзе цяпер Пагнэмбін, дзе Вялікая й Малая Кшывда, дзе Мізэроў? Гэта ўжо чужына, тут усё інакшае. Навакола відаць узгоркі, абросшыя дубамі, ў далінах — хаты з чырвонымі чарапічнымі стрэхамі, хаты прыгожыя і ўквечаныя кучаравым вінаградам. Дзе-ня-дзе ўзьнімаюцца касьцёлы з востраверхімі званьніцамі, дзе-ня-дзе фабрыкі з доўгімі камінамі, з якіх выходзіць дым. Толькі тут неяк цеснавата, няма гэткіх шырокіх раўнінаў, як у Польшчы. Затое людзей грамада. Мігцяць вёскі і месты. Цягнік, ня спыняючыся, праяжджае каля шмат якіх маленькіх станцыяў. Нешта, аднак-жа, здарылася, таму што ўсюды відаць натаўпы народу. Сонца памаленечку вылазіць з-за гораў, жаўнеры пачынаюць гучна маліцца, сонечныя косы асьвятляюць твары гэтых людзей, якія, задумаўшыся, моляцца.