Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 3

Гэнрых Сенкевіч

— Бывай здароў, Вартэк! — крычыць Магда. — Глядзі, ня лезь туды, куды цябе не пашлюць. Хай сьцеражэ цябе Маці Божая... Бывай здароў! О, Божа!..

— Наглядай за гаспадаркаю, — кажа Бартэк.

Раптоўна вагоны здрыгануліся і паехалі.

— Дык помні, што ў цябе жонка і дзіця! — гукнула Магда, йдучы каля вагона. — Бывай здароў, у Імя Айца і Сына і Сьвятога Духа. Бывай здароў...

Цягнік пасоўваўся ўсё шпарчэй і адвозіў ваякоў з Пагнэмбіна, з абедзьвюх Кшывдаў, з Нядолі і Мізэрова.

ІІ.

У адзін бок вяртаецца ў Пагнэмбін Магда з натаўпам бабаў і плача, а ў другі бок сьвету ляціць у шэрую даль цягнік, а ў ім Бартэк. Шэрай далі канца ня відаць, Пагнэмбін таксама ледзь заметны. Ледзь віднеецца старая ліпа і званьніца касьцёла, таму што яго пазалачаны крыж ясна зіхаціць на сонцы. Хутка ліпа растала, а пазалачаны крыж здаецца ўжо аднэю блішчастаю плямачкаю. Пакуль блішчала гэтая плямачка, датуль Бартэк паглядаў на яе, а калі і яна зьнікла, дык селянін аканчальна паддаўся гору. Яго ахапіла нейкая слабасьць, і яму здавалася, што ён загінуў. Тады Бартэк пачаў глядзець на унтэр-афіцэра, таму што апрача Бога над ім ужо нікога больш ня было. Што цяпер з ім будзе, хай аб гэтым думае унтэр-афіцэр бо сам Бартэк ужо нічога ня ведае, нічога не разумее. Унтэр-афіцэр сядзіць на лаўцы і, трымаючы паміж каленамі стрэльбу, курыць люльку. Дым штомінюты, бы хмара, зацягвае яго задуманны і сумны твар. Ня толькі вочы Бартэка глядзяць на гэты твар, на яго глядзяць усе вочы, з усіх куткоў вагона. У Пагнэмбіне або Кшывдзе, кожны Бартэк ці Войтэк сам сабе пан, кожны павінен думаць аб сабе і за сябе, а цяпер на гэта істнуе унтэр-афіцэр. Загадае ён ім глядзець направа, будуць глядзець направа, загадае—налева, будуць глядзець налева. Кожны пытаецца паглядам: "што з намі будзе?“, а сам унтэр-афіцэр ведае столькі сама, сколькі й яны, і быў-бы рад, калі-б хто-нібудзь з начальства зрабіў яму ў гэтым сэнсе якія-нібудзь загады або тлумачэньні. Сяляне баяцца навет і пытацца, таму што цяпер вайна са ўсім апаратам ваенных судоў. Што можна, а чаго — не, невядома. Прынамсі, яны вось ня ведаюць, і іх палохаюць гукі гэткіх словаў, як, напрыклад, Kriegsgericht, якія хоць не саўсім разумеюць, а тым больш іх баяцца.

Адначасна, яны пачуваюць, што гэты унтэр-афіцэр цяпер ім яшчэ больш патрэбны, чымся на манэбрах пад Пазнаньню, дзеля таго, што ён адзін ведае ўсё, ён за іх думае, а без яго ані кроку. Тымчасам яму мусі абрыдла трымаць стрэльбу, і ён кінуў яе Бартэку. Бартэк схапіў стрэльбу, вырачыў вочы і ўталопіўся ў унтэр-афіцэра, як у радугу, але ад гэтага невялікая для яго радасьць.