Читать «Бартэк пераможнік» онлайн

Гэнрых Сенкевіч

Гэнрык Сенкевіч

Бартэк пераможнік

З польскае мовы пералажыў Краўцоў Макар.

Выданьне Беларускага выдавецкага таварыства.

Вільня. 1926

Друкарня Н. Левін і Сын. Вільня, Нямецкая 22.

I.

Рыцар майго расказу называўся Бартэк Словік, але таму што ён меў звычай вытрашчаць вочы, калі з ім гаварылі, дык суседзі празывалі яго Бартэкам зіграстым. З салаўём ён меў надта няшмат супольнага, але затое за свае разумовыя здольнасьці і, ў поўным сэнсе слова, гомэрычную наіўнасьць адтрымаў прозьвішча: Дурны Бартэк. Гэтае апошняе прозьвішча было самым популярным, і напэўна яно толькі адно перайдзе ў гісторыю, хаця ў Бартэка было яшчэ і чацьвёртае — казённае. Дзеля таго, што польскія словы człowiek (чалавек) і słowik (салавей) ня робяць для нямецкага вуха ніякае розьніцы, а немцы любяць, у імя цывілізацыі, перакладаць барбарскія славянскія прозьвішчы на болей культурную мову, дык падчас ваеннае перапісі паміж Бартэкам і нямецкім афіцэрам адбылася гэткая размова:

— Як цябе завуць? — спытаўся афіцэр у Бартэка.

— Словік.

— Szloik? Ach ia. Gut.

I афіцэр напісаў "Mensch".

Бартэк паходзіў з вёскі Пагнэмбін. Вёсак з гэткім самым назовам вельмі шмат у князьстве Пазнанскім і іншых акругах ранейшае Польшчы. Гаспадарка яго складалася з зямлі, хаты, пары кароў і шэрае кабылы. Ен быў жанаты, і жонку яго звалі Магдаю. Жылося яму, як Бог даў, і толькі, калі Бог даў вайну, Бартэк быў вельмі стурбованы. Прышло паведамленьне, што трэба йсьці ў салдаты, трэба кінуць хату, зямлю і здаць усё гэта пад бабіну апеку. Жыхары Пагнэмбіна былі досіць беднымі. Бартэк звычайна зімою хадзіў на фабрыку, і заробленыя тамака грошы былі падтрыманьнем для яго гаспадаркі—а цяпер, што будзе? Хто ведае, калі скончыцца вайна з французам! Магда, прачытаўшы павестку, заклікаўшую яе мужа на вайну, пачала праклінаць немцаў:

— А каб яны загінулі! каб яны пасьлеплі... Хоць ты й дурны... а ўсё-ж такі мне цябе шкала; французы не дадуць табе пардову і адсякуць галаву.

Бартэк пачуваў, што жонка кажа праўду; французаў ён баяўся, як агню, дый да таго яму было сумна. Што яму благое зрабілі французы? нашто і для чаго яму туды йсьці, на гэту страшную чужыну, дзе няма ў яго ніводнае блізкае, спагадлівае душы. Як сядзіш у Пагнэмбіне, дык здаецца, быццам ні тое, ні сёе, а як загадаюць ісьці, тады толькі бачыш, што тут ляпей, чымся дзе нібудзь у іншым месцы, але ўжо нічога не парадзіш—гэткая доля, трэба йсьці. Бартэк абняў бабу, пасьля свайго дзесяцьгадовага сына Франка, затым плюнуў, перажагнаўся і выйшаў з хаты, а Магда за ім. Яны разьвітваліся не асабліва далі-катна. Жонка і сын плакалі. А Бартэк толькі паўтараў: "ну, будзе, будзе",—і гэтак яны выйшлі на дарогу. Толькі тут яны ўбачылі, што ўва ўсім Пагнэмбіне адбывалася тое самае што ў іх. Уся вёска высыпала на дарогу, якая была завалена прызыўнымі. Усе йдуць да найбліжэйшае чугуначнае станцыі, а бабы, дзеці, старыя і сабакі праводжваюць іх. Прызваным цяжка на сэрцы, сярод іх ёсьць ужо некалькі п‘яных, некаторыя хрыплымі галасамі сьпяваюць песьні.

Дзе-хто з немцаў—пагрэмбінскіх колёністых — сьпявае ад страху Wacht am Rhein. Увесь гэты натаўп, пярэсты і рознае масьці, сярод якога блішчаць штыхі жандароў, і крыкам і гоманам праходзіць праз вёску. Бабы трымаюцца за сваіх мужыкоў "жаўнераў" і плачуць; нейкая бабулька пагражае кудысьці ў прастор кулаком. Іншая з бабаў кляне: "хай пакарае вас Бог за нашыя сьлёзы“. Чуваць воклікі: „Франэк! Каська! Юзік! бывайце здаровы". Сабакі брэшуць. Разьлягаецца гук звана. Ксёндз чытае пацеры за паміраючых, бо гэта-ж ніводзін з тых, што йдуць цяпер на станцыю, ўжо ня вернецца. Вайна бярэ іх усіх, але ня ўсіх аддае. Плугі паіржавеюць на палёх, таму што Пагнэмбін абвясьціў вайну Францыі. Пагнэмбін ня мог памірыцца з перавагаю ўплыву Напалеёна ІІІ-га, ўзяў блізка да сэрца пытаньне аб кандыдатуры на гішпанскі пасад. Водгукі званоў праводзяць натаўп, які ўжо выйшаў з вёскі. Праходзяць каля маленькае капліцы, ўсе скідаюць шапкі і каскі. На дарозе паднімаецца залацісты пыл, таму што дзень сухі і ясны. Па абодвых бакох дарогі жыта, якое дасьпявае, шарахціць цяжкімі каласамі і, час ад часу, мягка гойдаецца пры кожным павеве летняга ветрыку. Угары чуецца песьня жаваранка.