Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 4

Гэнрых Сенкевіч

Ой, мусі, справа дрэнь, што й унтэр-афіцэр у вельмі прыгнечаным стане. На станцыях чутно сьпевы і крыкі; унтэр-афіцэр камандуе, мітусіцца, лаецца, каб паказаць сваю старанлівасьць перад начальствам, але як толькі цягнік рушыць, дык і ўсе сьціхаюць і ён ціхне. Для яго таксама сьвет дзеліцца на два бакі: адзін ясны і зразумелы — гэта яго хата, жонка і пярына, другі — цёмны, саўсім цёмны — гэта Францыя і вайна. Ваякаў пагнэмбінскіх ажыўляў ваяўнічы дух, тым больш відочны, што быў ён не ў жаўнерах, а ў кожнага на хрыбце. А таму, што ў кожнага ваякі на хрыбце быў ранец, шынель і іншыя вайсковыя прылады, дык і ўсім было вельмі цяжка.

Тымчасам цягнік гудзеў і ляцеў у даль. На кожнай станцыі да цягніка прычаплялі новыя вагоны й лёкомотывы; на кожнай станцыі—гарматы, коні, стрэльбы з насаджанымі штыхамі пехацінцаў і значкі уланаў. Надходзіў ясны, ціхі вечар. На небе зазьзяла вячэрняя зарніца, асьвятляючы чырвоным сьвятлом маленькія лёгкія воблачкі. Цягнік, нарэшце, перастаў на станцыях забіраць людзей і, ўвесь трасучыся, ляцеў наперад у кірунку тае чырвонае, падобнае да мора крыві, паласы. З адчыненага вагона, ў якім сядзеў Бартэк разам са сваімі пагнэмбінскімі суседзямі, відаць было вёскі, сёлы, мястэчкі, касьцельныя званьніцы, буслы, стаяўшыя на аднэй назе на сваіх гнёздах, асобныя хаткі, абкружаныя вішнёвымі садамі. Усё гэта мігцела ў вачох, аблітае чырвоным сьвятлом. Жаўнеры пачалі шаптаць паміж сабою і тым адважней, што унтэр-афіцэр, паклаўшы дарожны мяшок пад галаву, заснуў з фарфораваю люлькаю ў зубах. Войтэк Гвіздала, пагнэмбінскі селянін, сядзеўшы каля Бартэка, штурхануў яго лакцём.

— Слухай, Бартэк...

Бартэк нахіліў да яго свой твар, з задуманнымі, вырачанымі вачыма.

— Чаго глядзіш, быццам цялё, якое вядуць рэзаць, — вышаптаў Гвіздала. — хоць-жа, ты, небарака, сапраўды йдзеш на разаніну...

— Ой-ёй! — застагнаў Бартэк.

— Баішся? — спытаўся Гвіздала.

— Ды як-жа не баяцца...

Зарніца зрабілася яшчэ больш чырвонаю. Гвіздала, паказваючы на яе рукою, ціха сказаў:

— Бачыш гэтае сьвятло? Ці ведаеш, дурню, што гэта такое? Гэта кроў. Тут Польшча, значыцца, наш край, — разумееш? А вун там далёка, дзе гэтак зьзяе, гэта і ёсьць Францыя...

— А ці хутка мы туды даедзем?

— Хіба табе так пасьпешна? Кажуць, быццам, страшэнна далёка. Але ня турбуйся; французы самі пайдуць на нас.

Бартэк пачаў напружанна працаваць сваею пагнэмбінскаю галавою. Пасьля мінютнага маўчаньня, ён спытаўся:

— Войтэк?

— Чаго ты?

— А скажы, што гэта за народ — французы?

Тут вучонасьць Войтэка раптоўна ўбачыла перад сабою прорву, ў якую ёй лягчэй было ўляцець, чымся выляцець назад. Яму было вядома толькі, што французы — гэта французы. Ен чуў нешта пра іх ад старых людзей, якія казалі, што яны заўсёды ўсіх білі; нарэшце, ведаў, што гэта нейкія саўсім чужыя людзі, але як гэта вытлумачыць Бартэку, каб ён зразумеў, да якой ступені яны чужыя?