Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 2

Гэнрых Сенкевіч

Станцыя! Зусюль прыбываюць яшчэ болей значныя натаўпы народу. Тут ужо сабраліся прызваныя з Верхняе Кшывды, Ніжняе Кшывды, з Выўлашчынцаў, з Нядолі, і Мізэрова. Гоман, крыкі, мітусьня! На сьценах станцыі налеплены маніфэсты. Вайна тут "У імя Бога й Айчыны“. Запасныя пайдуць бараніць свае сем‘і, жанок, дзяцей, хаты й палі. Французы, як відаць, асабліва пагражаюць Пагнэмбіну, Верхняй Кшывдзе, Ніжняй Кшывдзе, Выўлашчынцам, Нядолі і Мізэрову. Гэтак, прынамсі, здаецца тым, хто чытае маніфэсты. На станцыю прыбываюць усё новыя натаўпы. У залі дым ад люлек напаўняе паветра і зацягвае маніфэсты. Усе ходзяць, клічуць, крычаць. На дэбаркадэры чуецца нямецкая каманда, кароткая, цьвёрдая, рашучая.

Разьлягаецца званок, чуецца сьвіст і пыханьне лёкомотывы. Усё бліжэй і бліжэй прыдаецца быццам гэта надходзіць вайна.

Другі званок! Дрыжыкі прабягаюць па ўсіх сабраных. Чуеццакрык: "едуць, едуць!" Жанчыны падхапляюць гэтае слова і выгукваюць "едуць!"

Нечы асабліва гучны голас дадае: "французы едуць“ і ў адно мігненьне паніка ахапляе ня толькі жанчын, але й будучых рыцараў Сэдану. Натаўп варухнуўся. Тымчасам цягнік спыняецца. Ува ўсіх вокнах відаць шэпкі з чырвонымі кругамі й мундзеры. Войска, як відаць, грамада. На пляцформах чарнеюць гарматы, усюды блішчаць штыхі. Жаўнерам мусі загадана сьпяваць, таму што ўвесь цягнік аж дрыжыць ад моцных мужчынскіх галасоў. Нейкая моц чуецца ў гэтым цягніку, канца якога ня відаць.

На дэбаркадэры жаўнеры шыкуюцца ў рады: хто можа, дык яшчэ разьвітваецца. Бартэк махнуў сваімі магутнымі ручышчамі, быццам крыльлямі ветрака, й вырачыў вочы.

— Ну, Магда,— сказаў ён, — бывай здарова!

— Ах ты, небарака!

— Ты ўжо мяне ня ўбачыш!

— Ужо ня ўбачу?! О, Божа!

— Нічога не парадзіш!

— Няхай сьцеражэ цябе Маці Божая

— Бывай здарова: наглядай за хатаю.

Баба са сьлязьмі абхапіла яго шыю рукамі.

— Крый цябе Божа!

Надходзіць апошняя мінюта. Піск, плач, хліпаньні жанчын часова заглушаюць усё: „Бывайце здаровы! Бывайце здаровы!" Хутка жаўнеры ўжо адлучаны ад натаўпу народу: ужо твораць чорную, згорнутую масу, якая змыкаецца ў квадраты і пачынае рухацца з рэгулярнасьцю машыны. Разьлягаецца каманда: „сядаць!“ Квадратыскіроўваюцца да вагонаў, расьцягваюцца ў доўгі ланцуг і зьнікаюць у сярэдзіне вагонаў. Далёка сьвішча лёкомотыва і выкідае клубкі сівага дыму. Яна дыхае цяпер, як дзівачны дракон, і выпушчае пад сябе струі пары. Плач і хліпаньні жанчын мацнеюць. Адны з іх затуляюць вочы хвартухамі, другія выцягваюць рукі да вагонаў. Чуюцца галасы.