Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 24

Гэнрых Сенкевіч

Нашчасьце, ен нікога не даганіў. За гэты час ён апрытомнеў і пачаў адходзіць да вёскі. Ах, калі-б перад ім былі французы! Яго адступленьне абясьсьмерціла-б гісторыя.

Справа адбывалася гэтак: колёністыя ў ліку дваццацёх чалавек ізноў рушылі на Бартэка. Ен марудна адходзіў, як дзік, гнаны сабакамі. Час ад часу ён павяртаўся і спыняўся, і тады спыняліся немцы, бо не адважваліся кінуцца на гэтага волата, азброенага жэрдкаю.

Немцы, баючыся падыйсьці, здалёк кідалі ў непрыяцеля каменьні. Адзін з гэтых каменьняў раніў Бартэка ў лоб. Кроў пачала заліваць яму вочы. Ен пачуваў, што слабее, нарэшце захістаўся і, выпусьціўшы з рук жэрдку, ўпаў.

— Гура! — гукнулі колёністыя.

Але раней, чымся яны дабеглі, Бартэк ізноў падняўся. Гэта іх стрымала. Гэты ранены воўк яшчэ мог быць небясьпечным. Пры гэтым было ўжо недалёка да вёскі і здалёк можна было бачыць некалькі парабкоў, якія, як мага, беглі на поле бітвы. Колёністыя пасьпешна адступілі да сваіх хатаў.

— Што здарылася? — спыталіся прыбегшыя парабкі.

— Я крыху пашчупаў немцаў, — адказаў Бартэк.

I ў тую-ж мінюту самлеў.

VIII.

Справа прыняла сур‘ёзны зварот. У нямецкіх газэтах зьявіліся вельмі чулыя артыкулы аб прасьледаваньнях мірнага нямецкага насяленьня барбарскаю цёмнаю масаю, падбухторванаю антыўрадоваю агітацыяй і рэлігійным фанатызмам. Бэгэ зрабіўся рыцарам. Ен, ціхі, ласкавы настаўнік, сеяўшы прасьвету на далёкіх акраінах дзяржавы, ён сапраўдны місіянэр культуры сярод барбараў, першы ўпаў ахвяраю непарадкаў. Нашчасьце, за ім стаяць мільёны немцаў, якія не пазволяць, каб і г. д,

Бартэк ня ведаў, які гром зьбіраецца над яго галавою. Наадварот, ён чакаў спагаднага рэзультату і быў пэўны, што выйграе справу ў судзе. То-ж Бэгэ пабіў яго дзіця і першы ўдарыў яго самога, а пасьля на яго напала гэтулькі колёністых. То-ж павінен ён быў бараніцца. Да таго-ж яму разьбілі галаву каменем. I каму? Яму, якога прозьвішча гэтак часта ўспаміналася ў прыказах, яму, які выграў бітву пры Гравэлёце, які гаварыў з самім Штэйнмэцам, які быў надараны гэтулькімі знакамі ад'значэньня! Яму здавалася проста немагчымым, каб немцы ўсяго гэтага ня ведалі і гэтак яго скрыўдзілі, як таксама яму здавалася немагчымым, каб Бэгэ мог казаць пагнэмбінцам, што цяпер немцы будуць душыць іх за тое, што яны, пагнэмбінцы, гэтак адважна біліся з французамі. Але што датычыць сябе, дык Бартэк быў пэўны, што суд і ўрад абароніць яго. Там-жа ведаюць, хто ён такі і што рабіў на вайне. Ды хоць-бы і той самы Штэйнмэц абароніць яго. Гэта-ж ён цераз гэтую вайну зьбяднеў і ў даўгі залез, і ня могуць-жа ж яму адмовіць у справядлівасьці.

Тымчасам у Пагнэмбін прыехалі па Бартэка жандары. Яны відочна чакалі страшэннага спраціўленьня, таму што іх прыехала аж пяць чалавек і ўсе з набітымі стрэльбамі. Яны памыліліся: Бартэк навет і ня думаў спраціўляцца. Яны сказалі яму сесьці ў брычку: ён сеў. Толькі Магда згубіла надзею і так і паўтарала:

— На якога чорта трэ‘ было табе гэтак ваяваць з французамі. Вось табе й награда!

— Ціха, дурная! — адказваў Бартэк і па дарозе весела ўсьмехваўся праходзіўшым.