Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 22

Гэнрых Сенкевіч

VІІ.

Бартэк вярнуўся з вайны настолькі слабым, што ў працягу некалькіх дзён ня мог працаваць. Гэта было вялікае няшчасьде для ўсяе гаспадаркі, таму што для некаторых работаў патрэбен быў мужчына. Магда ўпраўлялася, як умела. Прадавала яна з раніды да ночы: суседзі Чамярніцкія памагалі ёй, але ўсё такі гэтага не хапала, і гаспадарка пакрысе йшла да ўпадку. Магда залезла ў доўг колёністаму Юсту, немцу, які некалі купіў у пагнэмбінскага абшарніка пятнаццаць маргоў нібыто нягоднае зямлі, а цяпер меў найлепшую гаспадарку і гатоўку, якую пазычаў, за што даставаў даволі паважныя проданты. Ен пазычаў перш за ўсё абшарніку пану Яжынскаму, прозьвішча якога зіхацела ў „залатой кнізе“, але які якраз па гэтай прычыне павінен быў падтрымліваць бліск свайго роду на адпаведнай вышыні. Юст, аднак-жа, не задавольваўся гэтым і таксама пазычаў сялянам. Вось ужо паўгода, як Магда пазычыла ў яго некалькі дзесяткоў талераў; часьць была паслана Бартэку ў часе вайны. Усё гэта было-б нішто. Бог даў добры ўраджай і доўг лёгка можна было-б пагасіць, абы толькі ўзяцца за работу. На няшчасьце, Бартэк ня мог працаваць. Магда не асабліва верыла ў гэта і хадзіла да ксяндза па раду, як-бы гэта расчухаць мужыка, але нічога ня выйшла! Бартэк сапраўды ня мог працаваць, бо пасьля кожнае нязначнае работы ён задыхаўся і чуў боль у касьцёх. Праз гэта ўсё рыцар наш цэлыя дні праседжваў перад сваёю хатаю, курыў фарфоравую люльку з патрэтам Бісмарка ў белым мундзеры і кірасьерскім шоламе на галаве ды паглядаў на сьвет змучанымі, соннымі вачыма. Пры гэтым ён падумваў часткаю аб вайне, часткаю аб перамогах, аб Магдзе, часткаю аба ўсім, часткаю ні аб чым.

Але вось, аднаго разу, седзячы на лаўцы, ён пачуў, як плакаў Франэк.

Франэк вяртаўся са школы і роў на ўсю вуліцу.

Бартэк выняў з рота люльку і спытаўся:

— Што з табою, Франэк? чаго равеш?

— А як-жа мне не раўсьці, калі я дастаў па мордзе...

— Хто табе даў у морду?

— А хто-ж, як ня Бэгэ!

Бэгэ поўніў абавязкі настаўніка ў Пагнэмбіне.

— А якое ён мае права біць па мордзе?

— Мусі мае права, бо даў.

Магда, якая ў гэты час капала ў агародзе, пералезла праз плот і з рыдлёўкаю ў руках падыйшла да дзіцяці.

— Чым-жа ж ты правініўся?—спыталася яна.

— Нічым я не правініўся. Бэгэ аблаяў мяне польскаю сьвіньнёю, даў мне ў морду і сказаў, што цяпер немцы перамаглі французаў і будуць лупіць нас, таму што яны цяпер дужэйшыя за ўсіх. Я яму нічога не зрабіў, толькі, калі ён спытаўся, хто найважнейшая асоба на сьвеце, а я адказаў, што Сьвяты Айцец, тады ён даў мне ў морду, а я пачаў крычаць, а ён вылаяў мяне польскаю сьвіньнёю і сказаў, што як цяпер яны перамаглі...

Франэк ізноў пачаў з таго самага і так і паўтараў: „а ён мне сказаў, а я яму сказаў“. Нарэшце, Магда затуліла яму твар рукою і, зьвярнуўшыся да Бартэка, выгукнула:

— Чуеш, чуеш... вось ідзі ваюй з французамі, а пасьля хай немец б‘е тваё дзіця, як сабаку, ды лае!.. ідзі, ваюй... няхай шваб забівае тваё дзіця; вось табе награда...

Тут Магда, расчуленая ўласнаю красамоўнасьцю, расплакалася разам з Франкам, а Бартэк вырачыў вочы, разявіў рот і зьдзівіўся — гэтак зьдзівіўся, што ня мог выгаварыць а ні слова. Але перш за ўсё ня мог зразумець таго, што здарылася. Як гэта? А яго перамогі... З мінюту Бартэк моўчкі сядзеў на лаве, але вось вочы яго заблішчэлі, твар пачырванеў. У падобных да яго людзей, зьдзіўленьне таксама, як і перапалох, часта пераходзіць у шалёную злосьць. Бартэк раптоуна ўстаў і, прамармытаўшы праз зубы: „Я з ім пагавару!“, скіраваўся да настаўніка. Школа была недалёка, тут-жа за касьцёлам. Якраз у гэты час пан Бэгэ стаяў перад ганкам, абкружаны парасятамі, якім ён кідаў кавалкі хлеба.