Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 25

Гэнрых Сенкевіч

— Я ім пакажу, каго яны скрыўдзілі, — крычаў ён з брычкі.

I са сваімі крыжамі на грудзёх наш Бартэк ехаў на суд, як трыумфатар.

I праўда, суд аказаўся да яго літасьцівым. Там прызналі істнаваньне лагодзячых віну акалічнасьцяў, і Бартэк быў засуджаны толькі на тры месяцы вастрогу.

Апрача таго яго засудзілі да штрафу ў сто пяцьдзесят марак на карысьць дружыны Бэгэ і іншых „зьняважаных дзеяньнем" колёністых.

„Аднак-жа праступнік, — пісалася ў судовай справаздачы ў газэце „Posener Zeitung" (Пазнанская Газэта), — пасьля абвешчаньня яму прыгавару ня толькі ня выказаў ані кроплі пакаяньня, але яшчэ разыйшоўся гэткімі грубымі словамі і гэтак нахальна ставіў на від дзяржаве свае нібы-то заслугі, што трэба толькі дзівіцца, што прысутны пры гэтым пракурор не завёў проці яго новае справы за зьнявагу суда і нямецкага народу".

Тымчасам Бартэк, седзячы ў вастрозе, думаў аб сваіх дзеяньнях каля Гравэлёту, Сэдану і Парыжа.

Мы, аднак-жа, зрабілі-б несправядлівасьць, цьвердзячы, што і паступак Бэгэ ня выклікаў ніякага публічнага асуджэньня. Наадварот, наадварот! У адно дажджлівае раньне ў нямецкім рэйхстагу нейкі польскі пасол вельмі красамоўна даводзіў, што адносіны да палякоў у Пазнанскай провінцыі зьмяніліся на горшае, што за мужнасьць, выказаную на вайне пазнанскімі палкамі, і панесеныя імі ахвяры варта было-б адносіцца да палякоў болей гуманна і справядліва, што, нарэшце, пан Бэгэ ў Пагнэмбіне злоўжываў сваім палажэньнем настаўніка, пазваляючы сабе біць польскіх дзяцей, называць іх сьвіньнямі і казаць, што пасьля нядаўна скончанае вайны прышлае насяленьне будзе душыць і прыгнятаць тубыльцаў.

I калі пасол гэта казаў, дык ішоў дождж, а дзеля таго, што ў часе дажджу людзей апаноўвае соннасьць, дык праз гэта пазёўвалі консэрватары і нацыяналь-лібэралы, пазёўвалі й соцыялістыя, пазёўваў і цэнтр, таму што гэта адбывалася яшчэ да вядомае „культурнае барацьбы“.

Урэшце ўсяго парлямэнт не палічыў патрэбным дэбатаваць гэтую „польскую скаргу" і спакойна перайшоў да чарговых справаў.

Тымчасам Бартэк сядзеў у вастрозе, ці, праўдзівей кажучы, ляжаў у вастрожным шпіталі, таму што ад удару каменем у яго адкрылася рана, адтрыманая ім на вайне.

Калі ў яго ня было гарачкі, дык ён думаў, як той індык, які здох з думак. Але Бартэк ня здох, а толькі нічога ня выдумаў.

Аднак, інады ў мінюту прасьвятленьня яму прыходзіла да галавы думка, што, быць можа, дарэмна ён гэтак лупіў французаў.

А тымчасам Магдзе прыходзілася надта туга. Трэ‘ было плаціць штраф, а грошай ня было скуль узяць. Пагнэмбінскі ксёндз хацеў памагчы, але ў касе ў яго знайшлося толькі каля сараку мзрак. Пагнэмбін быў беднаю парафіяй дый пры гэтым у старога ксяндза ніколі грошы не залежваліся. Пана Яжынскага ня было дома. Казалі, што ён выехаў сватацца да нейкае багатае паненкі Ў Каралеўства Польскае.

Магда проста ня ведала, што рабіць.

Аб адсрочцы штрафу дарма было і думаць. Дык што-ж у гэткім выпадку рабіць? Прадаць коні, каровы? Час быў самы цяжкі: надходзіла жніво і пільна былі патрэбны грошы. Магду ахапіла роспач. Яна падала некалькі прашэньняў у суд аб памілаваньні, саслаўшыся ў іх на заслугі Бартэка, але не адтрымала навет і адказу. Срок надходзіў, а разам з ім і сэквэстар.