Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 26

Гэнрых Сенкевіч

Яна малілася і малілася, з горкасьцю спамінаючы ранейшы час да вайны, калі яны жылі ў дастатку, і калі Бартэк зімою зарабляў на фабрыцы. Баба пайшла да сваіх кумоў з мэтаю падпазычыць некаторую суму, але ў іх ня было грошай. Вайна ўсім дала сябе пачуць. Да Юста Магда не адважвалася йсьці, таму што і без таго была вінавата яму і не плаціла навет процантаў. Тымчасам Юст неспадзявана сам прыйшоў да яе.

Аднаго разу ў поўдзень яна сядзела на парозе свае хаты і нічога не рабіла, таму што з роспачы проста аслабела. Магда сачыла за лятаўшымі ў паветры залацістымі мушкамі і думала аб тым, што яны гэтак шчасьлівыя, бяз клопату сабе лётаюць і ім нікому ня прыходзіцца плаціць. Час ад часу яна цяжка ўздыхала і ціха шаптала: "О, Божа, Божа!“. Раптоўна ў варотах зьявіўся Юст з фарфораваю люлькаю ў роце. Баба зьбялела.

— Morgen! — сказаў Юст.

— Як маецеся, пане Юст?

— А мае грошы?

— Пачакайце крыху, пане Юст. Што я, бедная, зраблю? Мужа майго ўзялі, і мне цяпер прыходзіцца за яго плаціць штраф. Лепей ужо мне памерці, чымся гэтак мучыцца з дня на дзень.

Пачакайце крыху, вось прыедзе абшарнік, я ў яго папрашу грошай і вам аддам.

— Ну, а штраф з чаго заплаціце?

— Ці я ведаго? Мусі прыдзецца карову прадаць.

— Я вам яшчэ пазычу.

— Хай вам Бог заплаціць. Вы хоць і лютаранін, а ўсё-ж такі добры чалавек. Я кажу праўду. Каб усе немцы былі гэткімі, як вы, дык тады лягчэй жылося-б людзям.

— Але я без процанту ня дам.

— Я ведаю, ведаю.

— Вы мне напішэце вэксаль на ўсю ўзятую вамі суму.

— Добра, хай вам Бог заплаціць.

— Я буду ў месьце і мы там напішам вэксаль.

Юст быў у месьце і ўсё аформлена, але перад гэтым Магда пайшла да ксяндза на раду. Але што тут было радзіць? Ксёндз казаў, што срок быў вельмі кароткі, што процанты вельмі вялікія, і вельмі шкадаваў, што Яжынскага няма дома, бо каб ён быў, дык, можа, і памог-бы. Аднак-жа Магда не магла-ж чакаць, пакуль у яе з ліцытацыі прададуць усю маемасьць і праз гэта мусіла згадзіцца на запрапанаваныя Юстам варункі. Яна пазычыла трыста марак, бо, заплаціўшы штраф, трэ' было мець некаторую суму ня вядзеньне гаспадаркі. Бартэку прышлося падпісаць гэтую паперу. Магда з гэтай мэтаю пайшла да яго ў вастрог. Пераможнік быў хворы і ў вельмі прыгнечаным стане. Ен напісаў быў яшчэ адну скаргу, але яе ня прынялі. Артыкулы Posener Zeitung зрабілі нядобрае ў адносінах да яго ўражаньне ў урадовых сфэрах. Таму што, няўжо-ж улады не павінны былі клапаціцца аб мірным нямецкім насяленьні, якое ў апошняй вайне выказала гэткую любасьць да бацькаўшчыны і панясло гэтулькі ахвяраў? Дзеля гэтага было саўсім справядліва, каб Бартэкаву скаргу саўсім адхілілі. Але разам з тым няма дзіва, што гэта над‘звычайна цяжка на яго падзеяла.

— Мы цяпер ужо аканчальна згінем, — сказаў ён.

— Аканчальна, — паўтарыла баба.

Бартэк пачаў аб нечым думаць мацней.

— Мяне жорстка скрыўдзілі, — сказаў ён.

— Бэгэ цяпер прасьледуе хлопчыка,—казала Магда. Я хадзіла яго прасіць, а ён мяне яшчэ вылаяў. Ой, цяпер у Пагнэмбіне немцы рэй вядуць. Яны цяпер нікога не баяцца.