Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 18

Гэнрых Сенкевіч

Тымчасам старэйшы паварочваецца на бок і кажа:

— Дабранач, Уладыславе...

Надходзіць ціша. Праходзіць гадзіна, з Бартэкам, сапраўды, нешта нядобра. Вецер іграе, як пагнэмбінскі арган. Палонныя спакойна ляжаць, але хутка малодшы з натугаю ўстае і кажа:

— Карусь!

— Што такое?

— Сьпіш?

— Не...

— Слухай! Я баюся... Кажы, што хочаш, але я буду маліцца...

— Маліся...

— Ойча наш, Які знаходзішся на небе, хай сьвяціцца Імя тваё, хай прыйдзе царства Тваё...

Раптам плач перарывае словы маладога палоннага... але ўсё яшчэ чуецца перарыўчаты голас:

— Хай будзе... воля... Твая..

Бартэка апаноўвае страшэнны неспакой, дух сьпіраецца ў грудзёх. О, Божа! Ен ўжо ня вытрывае далей! Яшчэ мінюта і скажа палонным: „Я ваш, ратуйцеся"... пасьля праз вакно... ў лес... Хай будзе, што будзе.

Раптам каля прымна чуваць роўныя крокі. Гэта йдзе патруль.

Адбываецца зьмена вартаўнікоў.

На другі дзень з раніцы Бартэк быў п‘яны. I ў чародны дзень таксама...

***

Цераз нейкі час пачаліся новыя паходы, баі... і мне прыемна паведаміць, што рыцар наш дайшоў да роўнавагі. Пасьля тае ночы, ён толькі крыху прыладзіўся да гарэлкі, ў якой часамі можна знайсьці забыцьцб. Хаця... ў баёх Бартэк зрабіўся яшчэ болей жорсткім, як дасюль.

VI.

Прайшло яшчэ некалькі месяцаў. Была ўжо вясна. У Пагнэмбіне ў садох цьвілі вішні, на полі зелянеў хлеб. Адзін раз Магда, седзячы перад сваею хатаю, скрабала на палудзень бульбу, якая сваім выглядам болей падходзіла для быдла, чымся для людзей. Але пара была вясьняная, і ў Пагнэмбін крыху залезла бяда. Гэта відаць было па счарнеўшым і клапатлівым твары Магды. Быць можа, для таго, каб крыху забыцца, жанчына час ад часу заплюшчала вочы і сьпявала песьню.

На чарэшнях шчабяталі вераб‘і і быццам хацелі заглушыць яе голас, а яна, пяючы, задумліва паглядала то на спаўшага на сонцы сабаку, то на дарогу, то на сьцежачку, якая вяла да дарогі цераз агарод і поле. Быць можа, Магда й таму яшчэ паглядала на сьцежачку, што яна цягнулася нацянькі да чугуначнае станцыі, і якраз здарылася, што ў гэты дзень яна глядзела не дарма. У аддаленьні паказалася нейкая фігура. Магда пачала прыглядацца, але сонца гэтак моцна сьвяціла, што нельга было разглядзець. Лысы, аднак-жа, прачхнуўся, задраў галаву і пачаў прыслухвацца. У той-жа самы час да вушэй Магды даляцела нейкая песьня. Лысы зараз-жа падняўся і на ўсе чатыры нагі паляцеў да падходзіўшага чалавека. Тады Магда крыху зьбялела.

Бартэк, ці ня Бартэк!?

Жанчына ўстала гэтак шпарка, што дзеравяная міска з бульбаю ўпала на зямлю, цяпер ужо ня было няпэўнасьці. Лысы ўжо прыпаў да грудзей прыбыўшага. Баба кінулася ўперад і з радасьці крыкнула, як толькі магла:

— Бартэк! Бартэк!

— Магда! гэта я! — гукнуў Бартэк і дадаў шагу.

Цераз мінюту мужык з жонкаю ўжо абнімаўся.

— А я ўжо думала, — пасьпешна казала Магда, — што ты ня вернешся... Думала: забілі яго!... Дай на цябе наглядзецца... Ты налта схудзеў! Ну, дзякуй Богу, што ты вярнуўся!.. Пайдзём у хату... Франэк у школе. Немец трошкі мучыць дзяцей. Хлопчык здаровы. толькі вочы ў яго зіграстыя, як у цябе. Ой, час табе было вярнуцца, час. У нас бяда... Хата ўжо благая, на сьвірне страха развальваецца. Колькі ў мяне было клопату з сенам!.. Добра яшчэ, што Чамярніцкія мне памаглі. Я рада з цябе, вельмі рада. Бог цябе ўхаваў. О, Божа, а гэта што?