Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 20

Гэнрых Сенкевіч

— Так.

— Аднаго разу мы палілі нейкую вёску, дык яны выцягвалі да нас рукі і крычалі: pitié! pitié, а гэта азначала, што яны дадуць нам піць, абы толькі даць ім спакой. Але мы не зьвярталі на іх увагі.

— Значыцца, можна зразумець тое, што яны гавораць? — спытаўся малады парабак.

— Ты не зразумееш, таму што ты дурны, а я разумею. Done dipe, разумееш?

— Што вы кажаце?

— А Парыж бачылі? Вось там былі баі, адзін за адным. Але мы ў кожным пабілі. У іх няма добрае каманды. Людзі казалі, што плот у іх добры, толькі стаўпы благія. I афіцэры благія, і гэнэралы благія, а ў нас добрыя.

Стары Мацей Беж, чалавек разумны, паківаў галавою.

— Але, немцам пашчасьціла ў гэтай страшэннай вайне, — яны перамаглі, а мы ім памаглі. Але якая карысьць нам будзе ад гэтага, толькі Бог адзін ведае.

Бартэк вырачыў на яго вочы.

— Што вы кажаце?

— Немцы й да вайны не хацелі нас шанаваць, а цяпер гэтак насы задзіраюць, быццам над імі й Бога няма. Яны яшчэ горш будуць зьдзекавацца з нас, дый яно і цяпер ужо зьдзекуюцца.

— Няпраўда! — запярэчыў Бартэк.

У Пагнэмбіне стары Беж карыстаўся гэткім аўторытэтам, што ўся вёска думала, так сказаць, яго галавою, і лічылася грубасьцяй пярэчыць яму, але цяпер Бартэк быў пераможнікам і таксама аўторытэтам.

Аднак-жа, вяскоўцы глянулі на яго са зьдзіўленьнем і навет з некаторым незадаваленьнем.

— Ты што-ж гэта? з Мацеем будзеш спрачацца?

— Што-ж мне Мацей? Я не з такімі гаварыў, разумееце! Хлопцы! Хіба я не гаварыў са Штэйнмэцам, wass? Мацей чыпуху кажа. Цяпер нам будзе лепей.

Мацей з мінюту паглядзеў на пераможніка і пасьля сказаў:

— Эх, ты, дурань!

Бартэк стукнуў кулаком па стале аж усе чаркі і кубкі зазьвінелі.

— Still! der Kerl da! Heu, Stroh...

— Ціха! Не раві. Лепей вось спытайся, дурань, у ксяндза, або ў пана.

— Ды хіба-ж ксёндз быў на вайне? або пан быў? А я быў. Ня верце, хлопцы. Цяпер нас пачнуць шанаваць. Хто выйграў бітву? Мы выйгралі. Я выйграў. Цяпер аб чым ні папрашу, тое й дадуць. Калі захачу быць абшарнікам у Францыі, дык і буду. Урад добра ведае, хто лепей за ўсіх лупіў французаў. Нашыя палкі былі самыя лепшыя. Гэтак пісалася ў прыказах. Цяпер паляком лахва, — разумееце?

Беж махнуў рукою, устаў і выйшаў. Бартэк і ў палітыцы адтрымаў перамогу. Маладыя хлопцы, якія засталіся з ім у карчме, цяпер пазіралі на яго з глыбокаю пашанаю, а ён казаў далей:

Чаго я ні захацеў-бы, тое й дадуць. Стары Беж дурань, разумееце? Урад загадвае біць, дык, значыцца, трэба біць! Хто будзе з мяне зьдзекавацца? Немец? А гэта што?

Тут ён ізноў паказаў на свае крыжы і мідалі.

— А за каго я лупіў французаў? Не за немцаў ці што? Я цяпер лепшы за кожнага немца, таму што ніводзін немец ня мае гэтулькі крыжоў і мідалёў. Дайце піва. Я гаварыў з Штэйнмэцам і гаварыў з Падбельскім. Дайце піва.

Пакрысе начыналася п‘янства. Бартэк засьпяваў:

„Trink, trink, trink! Wenn in meiner Tasche Noch ein Taler klingt".

Раптоўна ён выняў з кішаня жменю фэнігаў.