Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 17

Гэнрых Сенкевіч

I, можа быць, і лепей, што палонныя ня бачылі яго твару. З мужыком рабілася нешта дзікае. Спачатку яго ахапіла зьдзіўленьне, і ён вырачаў вочы на палонных, стараючыся зразумець, што яны гавораць. Яны прыйшлі біць немцаў, каб пазнанскім паляком было лепей, а ён біў французаў, каб пазнанскім паляком было лепей. I вось заўтра гэтыя палонныя будуць расстрэляны. Што гэта такое? А ці не загаварыць з імі? Ці не сказаць ім, што ён іхні зямляк, з аднае айчыны, што яму шкада іх. Але што ён ім скажа? Хіба-ж ён іх выратуе? То-ж і яго расстраляюць. Ой, страшна. Што з ім робіцца? Яго схапляе гэткае моцнае пачуцьцё жалю да палонных, што ён ледзь стаіць на сваім пасту.

Нейкая страшэнная туга налятае на аго аднекуль здалёк, з Пагнэмбіна. Невядомы госьць у жаўнерскім сэрцы — шкадаваньне крычыць яму: „Бартэк! выратуй сваіх, то-ж гэта свае" і сэрца рвецца да дому, да Магды, у Пагнэмбін, і гэтак рвецца, як ніколі раней. Годзі яму гэтае Францыі, гэтае вайны і бітваў. Усё ясьней чуецца голас: „Бартэк, выратуй сваіх!" Ах, каб гэтая вайна пайшла наскрозь зямлі!

Цераз пабітае вакно недалёчка відаць лес. Ен шуміць, як пагнэмбінскія хвоі, і ў гэтым шуме таксама чуецца:

„Бартэк, выратуй сваіх!"

Што яму рабіць?

Уцячы з імі ў лес?.. Але ўсё, што толькі пруская дысцыпліна змагла прышчапіць яму, здрыгваецца ад аднае думкі пра гэта... Трэба адагнаць гэтую думку... У Імя Айца і Сына!.. Ен, жаўнер, зробіцца дэзэртырам? ніколі!

Тымчасам лес шуміць усё мацнёй і мацней і вецер сьвішча ўсё жаласьней.

Раптам стары палонны кажа:

— Гэты вецер, як у нас увосень...

— Дай мне спакой!... — здушаным голасам адказвае юнак.

Аднак, пасьля мінютнага маўчаньня, ён некалькі разоў паўтарае:

— У нас, у нас, у нас. О, Божа!

Глыбокі ўздых зьліваецца са сьвістам ветру, і зноў палонныя сьціхаюць...

Бартэк дрыжыць, як у трасцы...

Горш за ўсё, калі чалавек не здае сабе справы з таго, што з ім. Бартэк нічога ня ўкраў, а тымчасам яму здаецца, як быццам што-нібудзь украў і як быццам баіцца, што яго зловяць. Нішто яму не пагражае, і ўсё-ж такі ён нечага баіцца. Ногі ў яго дрыжаць, стрэльба здаецца страшэнна цяжкаю, і нешта яго душыць, быццам сьлёзы. Яму шкада Магды, але і гэтага маладога палоннага гэтак шкада, што ён ня можа ўправіцца з сабою.

Часамі Бартэку здаецца, што ён сьпіць. Тымчасам вецер мацнее, і ў шуме яго ўсё часьцей чуюцца дзіўныя галасы.

Раптам у Бартэка пад каскаю ўсталі валасы... Яму здаецца, нібыто, недзе там у глыбіні цёмнага бору, нехта стогне і паўтарае: у нас, у нас!

Бартэк здрыгвае і, каб апрытомнець стукае ложаю аб падлогу.

Ен прытамнее... Аглядаецца. Палонныя ляжаць у кутку, лямпа мігаціць, вецер вые, усё ў парадку.

Сьвятло цяпер шчодра падае на твар маладога палоннага. Сапраўды, гэта твар дзіцяці або дзеўчыны. Вочы яго заплюшчаны, галава спачывае на саломе, і ўжо цяпер ён здаецца няжывым.

Ніколі ў жыцьці Бартэк ня чуў гэткага нязвычайнага жалю. Да горла яму падходзяць сьлёзы.