Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 16

Гэнрых Сенкевіч

Адзін з палонных быў ужо немалады чалавек з вусамі, з сівізнаю і спакойным выразам на твары; другому было на выгляд гадоў дваццаць з лішкаю, яго белакурыя вусы былі яшчэ саўсім маленечкія, і ўвесь ён быў падобны хутчэй да паненкі, чымся да жаўнера.

— Вось і канец, — загаварыў малодшы, — куля ў лоб і канец.

Бартэк гэтак здрыгануўся, што стрэльба навет зазьвінела ў яго ў руцэ: юнак гаварыў папольску...

— Мне ўжо ўсё роўна, — спакойна адказаў Другі,—далібог усё роўна. Я ўжо гэтулькі вытры-ваў валачайства, што з мяне годзі...

У Бартэка сэрца стукала ўсё мацней і мацней...

— Слухай ты,—казаў далей стары,—ратунку няма. Калі баішся, дык думай аб чым-нібудзь іншым, або кладзіся спаць. Жыцьцё подлае!

— Мне маткі шкада,—глуха сказаў малодшы.

I відочна, хочучы заглушыць неспакой самога сябе, ён пачаў сьвістаць нейкую ноту. Цераз мінюту ён, аднак-жа, сьціх сьвістаць і выгукнуў з глыбокім жалем:

— Хай заб'е мяне пярун! То-ж я навет і не разьвітаўся з ёю!

— Дык ты, значыцца, ўцёк з дому?

— Але. Я думаў: паб‘юць немцаў, а тады пазнанскім паляком будзе лепей.

— I я так думаў. А цяпер...

Стары махнуў рукою і яшчэ нешта сказаў, але значна цішэй, так што словы яго заглушыў вецер. Ноч была халодная. Час ад часу йшоў дробны дождж, недалёка шумеў лес, чорны як цень, у коміне выў вецер. Лямпа, вісеўшая высока над вакном, асьвятляла мігаўшым сьвятлом хату, але стаяўшы тут-жа каля вакна Бартэк быў у цемнаце.