Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 15

Гэнрых Сенкевіч

Бартэку відочна вайна прыпала да смаку, і ён пачаў глядзець на яе, як на падхадзячы для сябе занятак. Бартэк зрабіўся самапэўным і цяпер ішоў у бой, як раней на якую-нібудзь работу ў Пагнэмбіне. Пасьля кожнае бітвы на грудзёх у яго зьяўляліся ўсё новыя крыжы й мідалі, і хоць яго не зрабілі унтэр-афіцэрам, аднак-жа ўсе лічылі першым шэрэнгоўцам у палку. Бартэк быў дысцыплінованы і меў сьляпую адвагу чалавека, які не здае сабе рахунку ў небясьпецы. Цяпер гэтая адвага не выплывала, як у першыя часы, са злосьці,—крыніцаю яе была цяпер жаўнерская практыка і вера ў сябе. Да таго-ж яго вялізарныя сілы вытрымоўвалі ўсялякія труды, паходы і нявыгоды. Людзі вакол яго хварэлі, худзелі, — ён адзін трымаўся бадзёра, толькі ўсё больш дзічэў і рабіўся ўсё болей жорсткім прускім жаўнерам. Зьмяніліся таксама й некаторыя яго разуменьні: Бартэк зрабіўся жаўнерам-патрыётам і сьлепа, як багоў, шанаваў сваіх начальнікаў. У чародным пісьме ён пісаў да Магды:

„Войтэка разарвала напаловы, на тое й вайна, разумееш? Ен быў дурань, таму што казаў, што французы гэта немцы, а яны французы, а немцы гэта нашыя“.

Магда ў адказ на абодвы пісьмы вылаяла яго, колькі ўлезла:

„Найдаражэйшы Бартэк,—пісала яна,—перад сьвятым аўтаром са мною павенчаны. Хай пакарае цябе Бог! Ты сам, паганец, дурань, калі разам з немцамі забіваеш каталіцкі народ. Хіба ты не разумееш, што немцы лютаране, а ты, каталік ім памагаеш? Табе хочацца вайны, доўбня ты, таму што на вайне можаш нічога не рабіць, а толькі біцца, піць, зьдзекавацца з людзей, ня трымацца посту ды паліць касьцёлы. А каб табе ў пекле гарэць за тое, што ты яшчэ хвалішся гэтым і не спагадаеш ні старым, ні дзецям. Памятай, баран ты, што за гэта Усемагутны Бог на страшным судзе ня будзе мець літасьці да гэткіх балбаноў, і апамятайся, нарэшце, турак, а не, — дык я табе лоб рассаджу. Шлю табе пяць талераў, хоць мне тут і бяда, таму што гаспадарка блага йдзе.

Абнімаю цябе, найдаражэйшы Бартэк.

Магда"

Мораль, якая была ў гэтым пісьме, зрабіла на Бартэка слабое ўражаньне. „Баба службы не разумее, — думаў ён, — а мяшаецца". І ваяваў паранейшаму. Ен ад'значаўся ледзь што ня ў кожнай бітве, аж урэшце ўсяго на яго зьвярнула ўвагу начальства важнейшае за Штэйнмэца. Нарэшце, калі напалову зьнішчаныя пазнанскія палкі былі адпраўлены ў глыб Нямеччыны, Бартэк па радзе унтэр-афіцэра падаў прашэньне і застаўся. Па гэтай прычыне ён, пачакаўшы крыху часу, апынуўся пад сьценамі Парыжа.

Пісьмы яго цяпер былі поўнымі пагарды да французаў. „У кожнай бітве—пісаў ён да Магды, яны ўцякаюць, як зайцы". I пісаў праўду. Але аблога Парыжа не асабліва яму прыпала да смаку. Каля Парыжа прыходзілася цэлыя дні сядзець у акопах, часта будаваць шанцы і мокнуць на дажджы. Да таго-ж яшчэ яму шкада было свайго ранейшага палку. У тым палку, ў які яго перавялі, ў характары ахвотніка, таварышы яго былі Ў большасьці немцы. Гаварыць панямецку, ён сяк-так навучыўся яшчэ будучы на фабрыцы, а цяпер пачаў шпарка асвойвацца з гэтаю моваю. Аднак такі, ў палку яго звалі ein polnischer Ochs, і толькі грамада яго крыжоў і страшэнныя кулакі баранілі яго ад крыўдных жартаў. Але пасьля некалькіх баёў новыя таварышы пачалі адносіцца да яго з пашанаю, і ён пакрысе зжыўся з імі. У рэшце ўсяго яны ўжо лічылі яго сваім, дзеля таго, што ён. пакрыў славаю ўвесь полк. Бартэк заўсёды лічыў-бы для сябе за зьнявагу, калі хто-нібудзь назваў-бы яго немцам, але затое сам сябе ў процістаўленьне французам называў ein Deutscher. Яму здавалася, што гэта нешта інакшае, і пры гэтым ён не хацеў, каб на яго глядзелі горш, як на іншых. Але вось здарыўся выпадак, які даў-бы яму шмат матар'ялу для думак, калі-б толькі наагул думаньне было лёгкім для гэтага рыцарскага розуму. Аднаго разу некалькі кампаніяў яго палку былі пасланы проці вольных стральцоў. Немцы зрабілі засадку і стральцы ў яе папаліся. Але гэтым разам Бартэк ня ўбачыў чырвоных кэпі, якія рассыпаліся пасьля першых стрэлаў, бо аддзел стральцоў складаўся са старых жаўнераў, рэшты нейкага загранічнага легіёну. Абкружаныя з усіх бакоў стральцы адчайна бараніліся і, нарэшце, кінуліся на ворага, каб штыхамі прабіць сабе шлях цераз апярэзаваўшае іх кола прускіх жаўнераў. Яны біліся гэтак энэргічна і мужна, што часьць іх прабілася праз войска. Стральцы не здаваліся ў палон, бо ведалі, які лёо чакае іх у падобным выпадку. Кампанія ў якой служыў Бартэк, захапіла ў палон толькі двух стральцоў. Увечары іх памясьцілі ў лясьніковай хаце. На другі дзень іх павінны былі расстраляць. Варта ў некалькі жаўнераў стала каля дзьвярэй, а Бартэка паставілі ў хаце, каля пабітага вакна, разам са зьвязанымі палоннымі.