Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 14

Гэнрых Сенкевіч

— Ведаеш, за што б‘еш французаў?

— Ведаю, ваша эксцэленцыя.

— Скажы!

Бартэк нявыразна мармыча:

„Таму што... таму што...”

Раптоўна спамінаюцца словы Войтэка, і ён, каб не пераблутаць, борзда выпальвае:

— Таму, што гэта таксама немцы, толькі сьцервы яшчэ горшыя.

Стары Штэйнмэц ледзь стрымліваецца ад сьмеху і, зьвяртаючыся да маёра, кажа:

— Вы казалі праўду.

Тымчасам Бартэк вельмі задаволены сабою і, вырачыўшы вочы, глядзіць на яго эксцэленцыю.

— Хто сёньня выграў бітву?—ізноў пытаецца гэнэрал.

— Я, ваша эксцэленцыя!—доўга ня думаючы адказвае Бартэк.

— Але, але, ты!—усьмяхаючыся, пацьвярджае Штэйнмэц.—I вось табе награда.

Стары ваяка дае Бартэку крыж. Добры настрой духа гэнэрала саўсім натуральным шляхам адбіваецца на тварах палкоўніка, маёра, капітанаў і г. д. аж да унтэр-афіцэраў. Калі гэнэрал ад'ехаў, палкоўнік дае Бартэку дзесяць талераў, маёр пяць і гэтак далей. Усе паўтараюць, сьмяючыся, што ён выграў бітву, ад якой прычыны Бартэк з радасьці на сёмым небе.

Дзіўна. Адзін толькі Войтэк ня надта здаволены з нашага рыцара.

Увечары, калі абодва яны селі каля агню, і калі Бартэкаў рот гэтак сама быў моцна напханы гарохаваю кілбасаю, як сама кілбаса гарохам. Войтэк сказаў:

— I дурань-жа ж ты, Бартэк, саўсім дурань.

— А што? — праз кілбасу пытаецца Бартэк!

— Нашто-ж ты казаў гэнэралу пра французаў, што яны немцы.

— Дык ты-ж сам мне казаў...

— Але-ж трэ' было сьцяміць, што гэнэрал і афіцэры таксама немцы.

— Дык што-ж з таго?

Войтэк замяўся.

— Тое, што хаця і яны немцы, але ня трэба ім гэтага казаць, таму што гэта нядобра.

— Ды я-ж пра французаў сказаў, а не пра іх.

— Эх, як табе сказаць... гэта таго...

Войтэк раптоўна сьціх. Ен сам відочна таксама хацеў сказаць нешта іншае, хацеў растлумачыць Бартэку, што пры немцах няварта блага гаварыць аб немцах, але ў яго неяк заблутаўся язык.

V.

Праз нейкі час пасьля гэтага, каралеўска-пруская пошта прывязла ў Пагнэмбін пісьмо гэткага зьместу:

"Хай будзе пахвалёны Езус Хрыстус і Яго Сьвятая Маці! Найдаражэйшая Магда! Што ў цябе чуваці? Табе добра ў хаце пад пярынаю, а я тут страшэнна як ваюю. Мы былі каля вялікае крэпасьці

Мэц, там была бітва, і я гэтак лупіў французаў, што ўся інфантэрыя і артылерыя дзівілася. I сам гэнэрал дзівіўся і сказаў, што я выграў бітву, і даў мне крыж. Цяпер мяне і афіцэры і унтэр-афіцэры вельмі шануюць і ў морду саўсім мала б‘юць. Пасьля мы памаршавалі далей, і была другая бітва, толькі я запомніў, каля якога гэта места, дый зноў здорава лупіў і ўзяў чацьвёрты штандар і апрача таго раніў аднаго самага галоўнага кірасьерскага палкоўніка і ўзяў у палон. А як будуць адсылаць дадому нашыя палкі, дык мне унтэр-афіцэр раіў падаць прашэньне аб тым, каб мяне пакінулі тутака, таму што на вайне толькі няма дзе спаць, а есьці даюць, колькі ўлезе, і віно ў гэтым краі ўсюды ёсьць, тому што народ багаты. Калі мы палілі адну вёску, дык не давалі літасьці ні дзецям, ні бабам, і я таксама. Касьцёл згарэў дашчэнту, бо яны каталікі, і людзей там згарэла нямала. Цяпер мы йдзём на самога імпэратара і будзе канец вайны, а ты наглядай за хатаю і Франкам, таму што, калі ня будзеш наглядаць, дык я чаго добрага бакі табе паламаю, каб ты ведала, хто я такі. Хай цябе Бог крые“.

Бартломей Словік.