Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 13

Гэнрых Сенкевіч

Бартэк на мінюту застаўся адзін. Ен садраў штандар, схаваў яго за пазуху і затым, ухапіўшы ў абедзьве рукі дрэўца, пабег сьледам за сваімі таварышамі.

Групы туркосаў, выючы нечалавечымі галасамі, беглі цяпер да стаяўшых на вяршыне ўзгорку гарматаў, а за імі беглі Мацеі, Бартэкі, Войтэкі, крычучы і б‘ючы непрыяцеля штыхамі і ложамі.

Зуавы, стаяўшыя каля батарэі, сустрэлі і тых і гэтых агнём са стрэльбаў.

— Гура! — крыкнуў Бартэк.

Палякі кінуліся на батарэю, каля якое ізноў закіпеў рукапашны бой. У гэтую мінюту другі пазнанскі полк прыбег на падмогу першаму. Дрэўца ад штандара ў магутных лапах Бартэка перавярнулася ў нейкую пякельную зброю. Кожны яго ўдар прабіваў дарогу ў стуленых радох французаў. Перапалох пачаў ахапляць зуаваў і туркосаў. У тым месцы, дзе біўся Бартэк, яны адступалі. Хутка Бартэк першы ўжо сядзеў на гармаце, як на пагнэмбінскай кабыле.

Але раней, чымся жаўнеры пасьпелі заўважыць яго на ёй, як ён ужо сядзеў на другой, каля якое зваліў штандарнага са штандарам.

— Гура! Бартэк! — гукнулі жаўнеры.

Перамога была поўная. Захоплена некалькі карцечніцаў. Адступаўшая француская пяхота на другім баку ўзгорка была абкружана прусакамі і злажыла зброю.

Бартэк падчас адступленьня французаў захапіў яшчэ адзін штандар.

Трэба было яго бачыць, калі ён змучаны, спацеўшы і ўмазаны ў кроў, сапучы, як кавалёў мех, сходзіў разам са сваімі таварышамі з узгорка, валакучы на плячох тры штандары. Побач з ім ішоў падрапаны Войтэк.

— Што-ж ты расказваў?—загаварыў Бартэк. —То-ж гэта чарвякі: ў іх няма ніякае сілы. Падрапалі мяне й цябе, як кацяняты, вось і ўсё. А ўжо каторага я стукнуў, дык той і выцягнуўся.

— Хто-ж ведаў, што ты гэткі адважны, — заўважыў Войтэк, які бачыў заслугі Бартэка і цяпер ужо глядзеў на яго саўсім інакшымі вачыма.

Але-ж хто ня бачыў гэтых заслугаў? Увесь полк і большасьць афіцэраў. Усе са зьдзіўленьнем паглядалі цяпер на гэтага вусатага вялізарнага мужыка з вырачанымі вачыма. "Ach verfluchter Polake!“ — сказаў яму сам маёр, узяўшы яго за вуха, а Бартэк з радасьці разявіў рот ад вуха да вуха. Калі полк сшыхаваўся пад узгоркам, дык маёр паказаў яго палкоўніку, а палкоўнік самому Штэйнмэцу.

Той аглядзеў штандары і загадаў іх узяць, а пасьля пачаў аглядаць Бартэка. Наш Бартэк ізноў выцягнены, як струна, і трымае стрэльбу на гонар, а стары гэнэрал глядзіць на яго і з задаваленьнем ківае галавою. Нарэшце, ён нешта гаворыць да палкоўніка. Ясна чуецца слова: Unteroffizier.

— Zu dumm, Excellenz! (ваша эксцэленцыя!) ён занадта дурны, — заўважае маёр.

— А вось пабачым, — кажа яго эксцэленцыя і падходзіць да Бартэка.

Бартэк сам ужо ня ведае, што з ім робіцца. Справа нячуваная ў прускай арміі: гэнэрал будзе гаварыць з шэрэнгоўцам! Яго эксцэленцыі гэта будзе тым лягчэй, што польская мова яму знаёма. Нарэшце, шэрэнговец гэты так вызначыўся: захапіў у непрыяцеля тры штандары і дзьве гарматы.

— Скуль ты родам? — пытаецца гэнэрал.

— З Пагнэмбіна, — адказвае Бартэк.

— Добра. Як цябе завуць?

— Бартэк Словік.

— Mensch... паясьняе маёр.

— Mens, — паўтарае Бартэк.