Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 11

Гэнрых Сенкевіч

Але ў водгуках гэтае адчайнасьці чуецца нецярплівасьць і заўзятасьць. Калі-б жаўнерам загадана было ісьці наперад, дык яны пайшлі-б, як бура. Яны ледзь стаяць на месцы. Раптам нейкі жаўнер скідае з галавы каску, кідае яе на зямлю і кажа:

— Раз казе сьмерць!

Пры гэтых словах Бартэк адчувае гэткую палёгку, што блізу саўсім пакідае баяцца. Таму што, калі раз казе сьмерць, дык, у сутнасьці, ці варта турбавацца. Гэта мужыцкая філёзофія якая лепшая за ўсякую іншую, таму што падбадрае чалавека. Бартэк, праўду кажучы, й сам ведаў, што раз казе сьмерць, але ўсё-ж такі яму прыемна было пачуць асабліва, калі бітва пачала набіраць характару разгрому. Іхні полк, ня даўшы аніводнага стрэлу, ужо напалову зьнішчаны. Натаўпы жаўнераў з іншых разьбітых палкоў у бязладзьдзі прабягаюць каля яго і толькі тыя мужыкі з Пагнэмбіна, Кшывды Вялікае, Кшывды Малое і Мізэрова, стрымліваныя жалезнаю прускаю дысцыплінаю, яшчэ стаяць. Але і ў іхніх радох чуецца некаторае хістаньне. Зямля пад іхнімі нагамі робіцца мягкаю і сьлізкаю ад крыві, пах якое мяшаецца з пахам дыму. У некаторых месцах рады ня могуць стуліцца, таму што трупы твораць паміж імі інтэрвалы. Паветра робіцца цяжкім, душным. У радох чуецца нездаваленьне.

— Нас прывялі на бойню!

— Ніхто жывым ня выйдзе!

— Still, polnische Vich, — разьлягаецца голас афіцэра.

— Табе дык добра за маімі плячыма...

— Steht der Kerl da! (зважай!).

Раптоўна чуюцца словы малітвы:

— „Пад тваю абарону"...

Бартэк зараз-жа падхапляе:

— „мы ўцякаем, Прасьвятая Багародзіца!"

I хутка на гэтым полі сьмерці палякі хорам зьвяртаюцца з мальбою да свае апякункі, Чанстахоўскае Мадонны, а ім утаруюць стогны паміраючых і раненых: "О, Марыя, Марыя!" I яна, як відаць, паслухала іхняе мальбы, таму, што ў гэтуго мінюту на замыленым кані да іхніх радоў пад‘яжджае ад'ютант, і адразу чуецца каманда: „У атаку, стрэльбы на руку, наперад!" Жаўнеры кідаюцца да ўзгоркаў шукаць штыхамі непрыяцеля, якога не маглі заўважыць вочы. Да нізу ўзгорка застаецца яшчэ дзьвесьце крокаў, і гэтае аддаленьне ім трэба прайсьці пад забойчым агнём.

Ці-ж не загінуць яны аканчальна, ці не адступяць? Загінуць могуць, але не адступяць, бо немцы ведаюць, якую песьню іграць гэтым польскім мужыком падчас атакі. Сярод грому гарматаў, сярод агню стрэльбаў, дыму, замяшаньня і стогнаў разьлягаюцца трубныя гукі й да неба ляціць польскі гымн, ад якога кроў кіпіць у грудзёх. „Гура!“ адказваюць Мацеі, Бартэкі і Войтэкі.—"Покі мы жыемы“. Іх апаноўвае энтузіязм, твары іх гараць. Яны йдуць, як бура, цераз чалавечыя целы. конскія трупы, цераз абломкі гарматаў. Палякі гінуць, але йдуць з крыкам, з пяяньнем. Вось яны дасягаюць вінаграднікаў і зараз-жа зьнікаюць у іхнім гушчары. Чуецца толькі пяяньне, час ад часу блісьне штых. Угары агонь робіцца ўсё страшнейшым, унізе чутно трубныя гукі. Сальвы французаў часьцеюць, робяцца няроўнымі, пасьпешнымі і раптам...