Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 10

Гэнрых Сенкевіч

Полк, у якім знаходзіцца Бартэк, стаіць нярухома.

Аднак-жа, сфэра агню паступова пачынае ахапляць і яго. Кулі ў аддаленьні зьвіняць, быццам мухі або шэршні, а бліжэйшыя пралятаюць з страшэнным сьвістам. Іх усё болей: вось яны сьвішчуць каля галоваў, насоў, вачэй, плечаў, ляцяць сотнямі, тысячамі. Раптоўна тут-жа за Бартэкам разьлягаецца стогн, пасьля ізноў стогн. Нарэшце, стогны чуюцца без канца, чуваць болей пасьпешную каманду, кулі сьвішчуць усё часьцей. Забітых выцягваюць з радоў за ногі.

— Баішся? — пытаецца Войтэк.

— А чаму-ж бы мне й не баяцца!..—адказвае наш рыцар, ляскаючы зубамі. Аднак-жа, абодва яны стаяць — і Бартэк і Войтэк — і навет да галавы ім ня прыходзіць думка, што можна ўцячы. Ім загадана стаяць — і годзі. Бартэк маніць. Не баіцца ён гэтак, як тысячы іншых людзей баяліся-б на яго месцы. Дысцыпліна пануе над яго ўяўленьнем, а ў уяўленьні яго палажэньне ня рысуецца гэткім жахоўным, як яно ёсьць сапраўды. Бартэк, аднак-жа, думае, што яго заб'юць, і выказвае гэтую думку Войтэку.

— Дзіркі ў небе ня будзе, калі аднаго дурня заб'юць! — адказвае раззлаваным голасам Войтэк.

Словы гэтыя значна супакойваюць Бартэка. Здавалася, быццам яго, галоўным чынам, цікавіла, ці ня будзе дзіркі ў небе. Супакоены ў гэтым сэнсе, ён цярпліва стаіць і пачувае толькі, што яму надта горача, што пот сьцякае па яго твары. Тымчасам агонь робіцца да таго забойчым, што рады проста растапляюцца. Ужо няма каму выцягваць забітых і раненых. Хрыпеньне тых, што паміраюць, зьліваецца са сьвістам снарадаў і громам стрэлаў. Па руху трохколерных штандараў відаць, што схованыя ў вінаградніку пехацінцы ўсё бліжэй падходзяць. Карцеча робіць страшэннае спусгашэньне ў радох жаўнераў, якіх пачынае апаноўваць адчайнасьць.