Читать «Бартэк пераможнік» онлайн - страница 9

Гэнрых Сенкевіч

— Ведама, не папольску.

Супакоены ў гэтым сэнсе, Бартэк пайшоў далей удоўж лініі вагонаў.

— Нічога нявартыя! — сказаў сабе ён, скончыўшы агляд лінейных войскаў.

— Але ў далейшых вагонах сядзелі зуавы. Гэтыя змусілі яго задумацца. Дзеля таго, што яны сядзелі ў зачыненых вагонах, дык нельга было пераканацца, ці сапраўды кожны з іх у два або ў тры разы большы за звычайнага чалавека, але праз вокны відаць было доўгія бароды і сур‘ёзныя ваяўнічыя твары старых жаўнераў, з грозна блішчэўшымі вачыма. Вайсковы запал Бартэка ізноў кудысьці зьнік.

— Гэтыя страшнейшыя, — ціха вышаптаў ён, быццам баяўся, каб яны яго ня чулі.

— Ты яшчэ ня бачыў тых, што не здаліся ў палон, — заўважыў Войтэк.

— О, Божа!

— Вось пабачым.

Наглядзеўшыся на зуаваў, яны пайшлі далей. Параўняўшыся з чародным вагонам, Бартэк кінуўся назад, быццам апараны.

— Войтэк, ратуй! — крыкнуў ён.

У адчыненым вакне відаць было цёмны, блізу што чорны, твар туркоса. Ен быў мусі ранены, таму што твар яго быў скрыўлены болем.

— А што? — сказаў Войтэк.

— Гэта не жаўнер, а злы дух. Божа, будзь міласьціў мне грэшнаму!

— Паглядзі, якія ў яго буты.

— А хай ён саўсім загіне. Я на яго ня буду глядзець.

Бартэк сьціх; аднак-жа праз мінюту сказаў:

— Войтэк!

— Чаго?

— А калі-б гэткага перажагнаць? Як табе здаецца, паможа?

Паганцы не разумеюць сьвятое веры.

Але вось жаўнерам загадана сядаць у вагоны. Цераз мінюту цягнік паляцеў наперад. Калі сьцямнела, дык Бартэк увесь час бачыў перад сабою чорны твар туркоса і страшныя бялкі яго вачэй. Духовы стан, у якім знаходзіўся цяпер пагнэмбінскі ваяка, не абяцаў у будучыні якіх-нібудзь вельмі добрых дзеяньняў.

IV.

Удзел у гэнэральнай бітве каля Гравэлёту спачатку пераканаў Бартэка толькі ў тым, што ў баі ёсьць на што глядзець, але няма чаго рабіць. Таму што спачатку яго палку было загадана стаяць пры ўзгорку, паросшым вінаграднікамі. У аддаленьні грымелі гарматы, блізка праяжджалі конныя палкі з гэткім тупатам, што зямля дрыжэла, пры гэтым мігацелі то значкі, то кірасьерскія палашы. Над узгоркам у яснай вышыні, ў форме белых вобалачкаў, з сычэньнем лёталі гранаты, пасьля дым запоўніў паветра і заслаў небасхіл. Здавалася, што бітва, як бура, праходзіць толькі дзе-ня-дзе, але гэта цягнулася нядоўга.

Калі прайшоў нейкі час, дык каля Бартэкавага палку пачаўся нейкі дзіўны рух. Каля яго станавіліся іншыя палкі, а ў інтэрвалы паміж імі са ўсяе сілы пад'яжджалі гарматы, якія зараз-жа былі зьніманы з перадкоў і пакручваны рулямі ў кірунку ўзгорка. Уся даліна запоўнілася войскам. Цяпер усюды чутно словы каманды, ад аддзелу да аддзелу лётаюць конна ад‘ютанты. Нашыя шэрэнгоўцы шэпчуць адзін да аднаго паціху: „ой, будзе нам, будзе“, або неспакойна пытаюцца адзін у аднаго: „Хіба-ж ужо пачынаецца?“ „Мусі ўжо“. Вось падходзіць невядомасьць, загадка, быць можа, сьмерць... У дыме, якім зацягнула ўзгоркі, нешта страшэнна кіпіць. Усё бліжэй чуецца гук гарматаў і сухія гукі стрэлаў са стрэльбаў. Здалёку далятае нібыто нейкі неясны трэск, — гэта дзеюць карцечніцы. Раптоўна бабахнулі толькі што пастаўленыя гарматы ды гэтак моцна, што задрыжала зямля і паветра. Перад Бартэкавым палком нешта страшэнна засычэла. Усе глянулі ўгару: ляціць ні то чырвоная рожа, ні то маленечкая хмарка, а ў гэтай хмарцы нешта сычыць, сьмяецца, скрыгоча, іржэ і вые. Жаўнеры крычаць: „граната! граната!" Тымчасам гэтая птушка вайны прэцца, як віхар, падлятае бліжэй, нарэшце, падае і лопае. Разьлягаецца страшэнны грымот у радох, што стаяць бліжэй да гарматаў, адбываецца замяшаньне, чуюцца крыкі і каманда: „змыкайся!" Бартэк стаіць у першай шэрэнзе, галава яго крыху задрана ўгару, падбародак сьціснуты раменем ад каскі, і праз гэта зубы ў яго ня стукаюць ад страху. Страляць нельга, трэба стаяць і чакаць. Тымчасам ляціць другая граната. трэцяя, чацьвёртая, дзесятая. Вецер разьвявае дым з узгорка. Французы ўжо сагналі з яго прускую батарэю, ўжо паставілі сваю і абстрэльваюць даліну. Штомінютна з гушчару вінаграднікаў вылятаюць доўгія, белыя стаўпы дыму. Пяхота пад прыкрыцьцем артылерыі спушчаецца ўсё ніжэй, каб пачаць страляці са стрэльбаў. Яна ўжо спусьцілася да паловы ўзгорка. Цяпер пяхоту якнайлепей відаць, таму што вецер адхіляе дым у бок. Быццам галоўкі цьвітучага маку мігацяць чырвоныя кэпі пехацінцаў. Раптоўна яны зьнікаюць паміж вінаграднымі лозамі, іх ужо ня відаць: толькі дзе-ня-дзе павяваюць трохколерныя штандары. Пачынаецца агонь стрэльбаў, густы, пасьпешны, раптоўна чутны ўсё ў іншых месцах. Над гэтым агнём увесь час выюць гранаты і скрыжоўваюцца ў паветры. На ўзгорку час ад часу разьлягаюцца крыкі, якім зьнізу адказвае нямецкае „гура!“ Гарматы, што стаяць у даліне, падтрымліваюць бесьперарыўны агонь.