Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 51
Василий Семенович Гигевич
О-о, як хутка ён мільгануў! Толькі-толькі быў ясны ранак. I чыстае яркае і не спякотнае сонца на ўсходзе весяліла і бадзёрыла, сагравала душу надзеяю на непазбежнае шчасце. I ўпэўненасць была, што за доўгі дзень столькі зрабіць паспееш: і сустрэцца, і перагаварыць, і работу зрабіць. I ты хапаўся то за адно, то за другое і часта сярод белага дня, калі падымаў угору вочы, бачыў пякучае белае сонца, што бязгучна кацілася між аблокаў. I думалася тады: яшчэ далёка да вечара, яшчэ паспеецца… I зноў, вочы ад неба адарваўшы, хапаўся за сваё звыклае і запланаванае, забыўшыся на сонца ўгары, што коціцца і коціцца да той недасяжнай лініі, якая мяжуе між небам і зямлёю. I вось тады, калі сядзіш на лаўцы і сцішана глядзіш на шаравата-светлыя гурбы, да якіх хіліцца малінавы дыск, нечаканым жалем поўніцца душа: такім кароткім аказаўся дзень!
I што ты паспеў зрабіць за гэты дзень?
О-о, калі б гэты дзень змог пражыць нанава, то зусім іначай правёў бы яго, — не кідаўся б за няскочанай работай, зусім іначай гаварыў бы з людзьмі.
Але дзень заканчваецца.
I тады смутак агорне душу тваю. I пра штосьці іншае пачнеш думаць, — нібы ў душу сваю зазірнеш. I, калі не збаішся, убачыш там шмат чаго лішняга, табе непатрэбнага, за што прагна хапаўся цэлы дзень.
Ах, калі б зноў пачаўся ранак, то ўсё іначай зрабіў бы…
Але ж сонца хаваецца за нізкія шэрыя хмары, што слаяцца над гарызонтам, і хутка ноч шэрай, чорнай посцілкаю апусціцца на зямлю.
Спавіты цішынёю і веліччу неба ты будзеш усё глядзець на светла-ружовыя аблачыны, — вялікае сонца закоціцца за іх і адтуль, нябачнае, пачне пасылаць угору бела-залацістыя слупы…
Чамусьці ўспомніцца ціхае маленства, тыя вечаровыя імгненні, калі таксама глядзеў на святочнае каляровае відовішча і думаў, што сонца штовечар адыходзіць свяціць над іншым казачным краем, дзе ўсё-ўсё святочнае і залацістае, дзе людзі вясёлыя і прыгожыя, дзе яны жывуць шчасліва і заможна. I верыў тады, што хутка, як толькі вырасцеш, рванеш у той казачны недасяжны край, куды сцякае малінава-ружовае сонца.
О-о, якім спакоем і ўпэўненасцю ў будучым шчасці поўнілася некалі душа твая, калі глядзеў на захад сонца!
I вось цяпер — разумны і дарослы, зноў, як і некалі ў маленстве, глядзіш на захад сонца. I чамусьці, — чаму, скажыце мне, чаму? — вочы твае пачынаюць слязіцца, бо адчуваеш, што за кароткі дзень ты так чагосьці і не спазнаў. I не грошай табе шкада, не работы няскончанай…
У душы сваёй ты чагосьці не набыў…
Але не спяшайся адчайвацца.
Азірніся, без гневу і злосці азірніся — туды, дзе некалі сонца ўзыходзіла. I дзіўна: угледзіш там, на ўсходзе, як разгараюцца святочным ружова-белым святлом воблакі. Быццам там вось-вось зноў з’явіцца сонца. I відавочна пабольшае неба, стане больш выпуклым, — адчуеш душою ягоную веліч, ад захаду да ўсходу яно будзе пранізана святлом нябачнага сонца.