Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 48
Василий Семенович Гигевич
Ямчэй у крэсла я ўсеўся і, на Лупавокенькага пільна гледзячы, па слоўцу пачаў выпускаць. Цяпер ужо не ён мяне, а я яго вучыць пачаў:
— Касу адмянташу, першы пакос пайду і не прыкмечу, як за плотам, дзе сцяжына вузкая, прыгажуня з’явіцца. Угледзіць мяне, рабацяшчага, дуб стогадовы, канюшыну зялёную, якая з шуханнем пад касу будзе класціся і пытацца пачне здзіўлена:
— А ў вас што — і градак няма на ўчастку, як у добрых людзей?
Я ёй, работу не прыпыняючы, адкажу:
— А навошта мне тыя грады? У мяне вунь замест іх дуб расце. Энергетычны. Падыдзеш да яго, руку прыкладзеш да кары шурпатай і неўзабаве без ніякага лекара становішся здаровым.
Яна і прыліпне ля драўлянага плота. Пачне думаць — які ж разумны чалавек ёй на дарозе трапіўся!
А я на яе быццам бы і глядзець не буду. Разоў пяць махану касою, а потым — касільна ў зямлю, мянташку з кішэні дастану і не спяшаючыся пачну мянташыць касу. Шах-шах, шах-шах… Вокам яе фігурку акіну, паглядамі перастрэнемся. Вочы ў яе сінія, глыбокія, бы вада азёрная. Утапіцца можна, калі глядзець доўга. Таму я першым адвяду позірк і праз сілу пра работу думаць пачну. А яна, памаўчаўшы, як і ўсякая жанчына, пачне даваць мне параду:
— Дык вы, можа, тарахцелку б завялі, якой траву косяць. Цяпер усе з тарахцелкамі на ўчастках тарахцяць. Цяпер усе па замежнай модзе газоны робяць — ні адной лішняй травінкі на тых газонах няма. Культурна атрымліваецца…
Я ёй спакойна:
— Тарахцелкаю той няхай разумныя і культурныя інтэлігенты тарахцяць, а я, можа, сапраўдны мужчына, які павінен умець касіць. Трэба мне той лішні шум у галаве…
I — зноў за касільна вазьмуся. I зноў ля яе ножак: шах-шах, шах-шах…
Яна хаціну маю агледзіць і дзівіцца будзе:
— А ў вас што — і тэлевізара няма, бо антэны я не бачу.
А навошта мне той тэлевізар, які людзей замбіруе?
— Як гэта — сёння жыць без яго? — яна будзе дзівіцца. — Сумна без тэлевізара. Канцэрты там бясплатныя, серыялы бесконцыя… Весела становіцца, калі глядзіш тэлевізар. А тым больш, калі глядзіш каляровы, на вадкіх крысталах… Навіны розныя ўбачыш, што — у Афрыцы робіцца, што — у Амерыцы… Адукаванаю становішся…
— I трэба табе тая Афрыка разам з Амерыкаю? — пачну яе вучыць. — Ты што — без іх абысціся не можаш? Ты лепш сваёй душою займіся, бо ўжо і сама не прыкмеціла, як змянілася, седзячы ля тэлевізара, чужыя выдумкі гледзячы. Ты ўжо не прыкмячаеш, як сапраўднае жыццё між пальцаў сплывае вадзіцаю.
— Дык што ж мне рабіць? — разгублена спытае яна. — Толькі пра работу на канвееры думаць, толькі ў адных градах і калупацца з дня ў дзень?.. Я ж тады не культурнаю буду…
Пагляджу я на яе пільна, — як яна галаву ўніз апусціла. Вусны невялікія, поўныя — значыць, не злая… Пальцы, што на плоце бялеюць, тонкія, далікатныя…. Шчокі чыстыя, беленькія — не выпівоха, не курыць… Пашкадаваць давядзецца, суцешыць…
— Скажу табе праўду: надта культурныя жанчыны мне не падабаюцца. Толку мне ад іхняй культуры, калі я і сам граматны. Халодныя яны нейкія, як запыленыя даведнікі ў бібліятэках… А мне трэба, каб побач быў чалавек душэўны, каб з ім было прыемна пагаварыць.