Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 47
Василий Семенович Гигевич
— Каханне вам не трэба, крэсла-ляжанкі вам трэба замест кахання, відэагульні вам трэба, да лісцікаў і да экранаў так папрыліпалі, боўдзілы, што і адрозніць не можаце, дзе жыццё, а дзе выдумка… Дзетак чыпамі з маленства маральна калечыце, не ведаюць, бедныя, што такое — грэх, што такое — сорам. А потым, калі падрастаюць, якімі яны становяцца? Толькі квантавую механіку з энтрапіяю ведаюць. А што яшчэ яны ведаюць? Ды і ты сам пра сарамлівасць, пра грэх нічога не ведаеш. А што такое — грэх?.. Вы ж усе межы пераступілі, Гамору і Садом узаконілі, інкубаторыі для дзяцей узаконілі… Не толькі ўсё жывое на Дзэце загубілі і запаскудзілі, але і саміх сябе спаскудзілі ілжывым словам… Кожны з вас толькі самім сабою заклапочаны. Фанцікамі, чыпамі і крэсламі-ляжанкамі заклапочаныя… Толькі і думаеце, як бы пажыць болей, цераз кланіраванне і замарозку ў вечнасць марыце залезці, толькі і марыце, як бы насалоды болей ухапіць…
Мабыць, у мяне быў надта грозны выгляд, бо гляджу: галоўкаю Лупавокі закруціў, лапкі ўніз апусціў і давай свой гузачок прыкрываць…
Доўга я мараль яму чытаў, а тады ўжо, як на душы трохі адлягло, пытаю:
— Дык якія ў вас, гаротнічкаў, прапановы?
А ён:
— Ваш генетычны матэрыял нам пазарэз патрэбен. Дзе якія эксперыменты мы ўжо зрабілі, калі на Зямлю прыляталі і вашых прадстаўнікоў на талеркі забіралі, каб доследы над вамі правесці. Вынікі станоўчыя. Нашы вучоныя плануюць абнавіць генафонд гуманоідаў вашым генафондам. Гэтай міжцывілізацыйнай акцыяй мы рэзка павысім свой аслаблены імунітэт супроць розных вірусаў.
Тут я рот і адкрыў. А закрыць яго — ніяк не магу, як брат некалі, калі ляшча правароніў.
А ён далей спявае:
— Нічога страшнага, нічога страшнага, няма ніякай містыкі… Мы вам перадаем тэхналогіі, нашы перадавыя дасягненні, а вы нам групку добраахвотнікаў высылаеце. Не хочаце добраахвотнікаў, злачынцаў падавайце. Чым іх у турмах будзеце гадамі трымаць і грошы на іх траціць — вы іх нам высылайце. Мы на іх хуценька аброці накінем, — праз тыдзень, калі чыпаванымі стануць, самі сябе не пазнаюць, шаўковымі стануць… I распачнём мы тады новы гістарычны этап, дзе загаспадарыць Гома Гуманоідус. Ва-аў, які ён будзе дужы і мудры! Мы не толькі пачнём рабіць кланіраванне, мы не толькі новых істот і стварэнняў выведзем, мы ўвогуле новую рэальнасць пабудуем. Калі ты гэтакі ўпарты, дык я тады адкрыю самую вялікую таямніцу, якую дагэтуль мы хавалі ад цябе:
ЭНЕРГАПАЛ! З ДАПАМОГАЮ ГУМАНОIДНАЙ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ ПАВІННЫ САМI СЯБЕ ЎДАСКАНАЛЬВАЦЬ.
Для гэтага, толькі для гэтага ў свеце мы, гуманоіды, і паявіліся, у гэтым сутнасць нашай гістарычнай і касмічнай місіі. Тут нават і вашы філосафы разам з маралістамі не змогуць да нас прыдрацца, бо ўсё будзем рабіць на законнай філасофскай аснове. Хутка мы над усім Сусветам гаспадарыць зможам. Мы ўсё зможам спасцігнуць, нават у чорныя дзіркі зможам зазірнуць і ўведаем, куды ж матэрыя падзенецца, за радыяцыйны пояс Сусвету выйдзем і з Суперрозумам прамы кантакт наладзім.
Тут я яму:
— I не думай, і не спадзявайся на маю дапамогу… Тут я табе памочнічкам не буду. Сам лезь у свет паралельны, у тыя чорныя дзіркі, адкуль выхаду няма… Я лепт з братам на рыбалку рвану, ці на лецішча любімае, дзе дуб стаіць, касіць траву там буду.