Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 4
Василий Семенович Гигевич
Пераглянуліся гэтыя двое між сабою, галовамі паківалі — мабыць, падумалі, што я ім падыходжу. Тады адзін з іх і кажа:
— Што ж, пішы распіску.
І тут жа падсунулі чысты ліст. Ручку ў рукі торкнулі. Ды не звычайную шарыкавую, а нейкую спецыяльную, са спецчарнілам зялёным. Мабыць, чарніла тое было невыводнае. На чорненькім корпусе ручкі залатая гравіроўка вяззю была выведзена: «Для сакрэтных распісак».
Прыгожая была ручка, рэдкасная. На бялюткай мелаванай паперчыне я і пачаў крэмзаць:
Толькі я размахнуўся, каб распісаць свае будучыя абавязацельствы і вечныя клятвы, як той, у цёмных акулярах, які дагэтуль моўчкі сядзеў у кутку кабінета, сказаў:
— Не толькі нашу, але і агульначалавечую таямніцу…
Тут я і папярхнуўся… Вады папрасіў у шклянку наліць…
Перапісаў, як мне падказалі, тую распіску, аддаў ім бялюткую паперчыну з зялёненькім тэкстам, а тую прыгожую ручку неўпрыкмет у кішэньку пінжака паклаў. Думаў, на памяць застанецца. Аж не, — у акулярах, хоць і быў мне сябрук, усё заўважыў, кажа:
— Ручку, ручку на месца пакладзі…
Давялося тую ручку аддаць. Ну, думаю, вось дзе сапраўдныя справы вядуцца…
Вось так усё і закруцілася.
Прайшоў тэсты розныя, — і на кемлівасць, і на псіхалагічную ўстойлівасць, потым спецкурсы пачаліся, спецпадрыхтоўка ды яшчэ — маўклівасць вечарамі, калі красатулі сваёй нічога не мог ні сказаць, ні растлумачыць.
Хлопцы са спецорганаў, якія пад ранне дамоў да сваіх прыгажунь вяртаюцца і, часам лыка не вяжучы, нічога ў сваё апраўданне не могуць сказаць, добра ведаюць, на што намякаю…
Як у апраўданне, я ўспамінаў цара Адысея, суцяшаў сябе: пачакай, пачакай, прыгажуня мая ненаглядная, вярнуся героем, тады ўсё табе прыпомню, да апошняга твайго слоўца, якімі ты мяне бэсціла.
Калі ўсё вырашылася, з калегамі па працы па-чалавечы развітаўся. Само сабою — адвальную арганізаваў. Застолле было добрае, гаварылі пра мяне словы харошыя. Скажу па сакрэце, калі хочаце пачуць, што будуць гаварыць пра вас на вашых жа хаўтурах — арганізуйце адвальную…
Адна жанчына дык і вершык мне прысвяціла. Яна нядаўна ў суседні аддзел прыйшла, мабыць, рознага пра мяне наслухалася. Мо і бачыла мяне, вясёлага, калі хлопцам анекдоты баяў. Устала з-за стала, застаўленага ядою і пітвом, лісточак з рыдыкюльчыка дастала і, запунсавеўшы ад хвалявання, звонкім як званочак, чысцюткім, не пракураным галаском сказала, час ад часу пазіраючы на мяне:
— Ад імя нашага аддзела я прысвячаю вам верш.
У апошні час, як я змікіціў, людзі чамусьці вершы пачалі сачыняць. Усюды, куды не паткніся, на гулянках розных, так і чуеш: «А цяпер я вам верш прачытаю. Сам сачыніў…» Дык вось, пачатак яе верша і цяпер памятаю: