Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 3
Василий Семенович Гигевич
Завялі ў нейкі кабінет, дзе цяжкія шторы на вокнах. За стол пасадзілі. На стале, як і трэба, — тры тэлефоны, графін з вадою, шклянка, камп’ютарны манітор. Гаворку распачалі. Двое са мною гаварылі, а трэці, у цёмных акулярах, у капялюшыку, насунутым на самыя вочкі, сядзеў у кутку кабінета і нічога не гаварыў — не раіў, не пытаўся. Скасавурыўся я на гэтага невядомца і — аж уздрыгнуў… Гэта ж ён, той сябрук, з якім некалі на рыбалцы пазнаёміліся, які ўчора сватаў мяне на справу сур’ёзную. Акулярамі прыкрыўся, капялюшыкам, на вочкі насунутым, прыкрыўся, але ж — вусы, вусы тырчалі ўсё тыя ж — як у таракана… Твар, як казаў адзін мой сябрук, ніякай біяграфіяй, ніякімі дакументамі не прыкрыеш…
Другі сябрук, інтэлігент па паходжанні, пра тое ж самае яшчэ казаў: «Гены пальцам не прыкрыеш». Гэты сябрук надта ганарыўся сваімі генамі, якія ад дзеда ўзяў. Ён у нейкай сакрэтнай лабараторыі вывучаў гены і мемы, што такое мемы — не ведаю. Толькі сядзем за стол, возьмем па чарцы, а тады ён і будзе казаць задуменна:
— Калі б ведалі вы, хлопцы, што такое гены і мемы… Яны ж, можа, самастойныя, яны намі кіруюць лепш усякага начальства, перадаюцца ад аднаго чалавека да другога, яны, можа, — і тут ён абавязкова палец угору падымаў, — хоць і нябачныя, але складаюць сутнасць жыцця… Вось, самі паглядзіце…
Пасля гэтых слоў ён даставаў фатаграфію з кішэні і нам паказваў. На ёй дзед барадаты красаваўся. Як і дзед, сябрук таксама бараду адгадаваў… Падобныя яны былі, як вылітыя. Асабліва бародамі…
Паказаўшы нам фатаграфію, сябрук далей казацьме будзе:
— Мой дзед некалі самастаяцельны быў, тры жарабкі ў хазяйстве меў, авечак загон — гаспадар быў сапраўдны… Пасля раскулачылі, ляснулася ўсё… Але ж, як ні падумай, гены ягоныя сваю справу зрабілі — во, бачыце, хоць коней у мяне і няма, але ж і я не прапаў, сам у людзі выбіўся, кандыдацкую зляпіў, у навуцы не апошні чалавек… Давайце, хлопцы, за гены чарку падымем… Іх пальцам не раздушыш…
Пасля такіх заяў нам нічога не заставалася, як з сябруком пагадзіцца…
Канечне, я і выгляду не падаў, што знаёмы з ім. Ды і ён сядзеў моўчкі, быццам не ведаў мяне.
А мо спадзяваўся, што не пазнаю яго?
Субяседнікі сур’ёзныя трапіліся, не ахламоны, пры гальштуках, але ж і я не лыкам шыты. І яны якраз тым жа цікавіліся, чым і я цікавіўся ў вольны ад работы час. Толькі тут да мяне дайшло, чаму на мяне паў выбар. Далікатненька яны падводзілі гаворку да галоўнай тэмы, пакуль я не ляпнуў:
— Ды што вы мне ўсё круціце, муціце?.. Вы думаеце, я нічым апроч работы не цікаўлюся, не чытаю нічога? Я не толькі незямнымі цывілізацыямі цікаўлюся, я нават і пра віваны лятаючыя ведаю…
У іх, прызнаюся, і вочкі застылі. Канечне, дзе ім пра тыя віваны ведаць, у іх сваёй работы хапае.
— А што гэта такое, віваны? — пытаюць.
Ну, я і давай ім тлумачыць, што такое віваны. Заадно і пра багоў касмічных расказаў, якія некалі на зямных дзяўчатах жаніліся. Бо ў мяне такія папкі сабраныя, такія выразкі з прэсы, што ім і не снілася. Яны і не ведалі, што я самастойна вёў расследаванне пра незямныя цывілізацыі яшчэ з тых часоў, калі пра іх у адкрытую гаварыць баяліся, на кухнях за бутэлькаю пра іх перашэптваліся, ды і то — з аглядкаю… Пра многае я ім тлумачыў…