Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 6
Василий Семенович Гигевич
Брат на мяне глядзіць, як на нябогу якога, галоўкаю ківае спачувальна.
I што рабіць мне з ім, скажыце, людцы родныя?
Нічога, выкруцімся… Не ўпершыню нам… — брат не мне, а некаму іншаму абяцае. Па ўсім відно, на мяне ён ужо даўно рукой махнуў. Вочы хавае і глухавата:
— Вечна цябе некуды заносіць, як тых іванаўскіх прыдуркаў.
Пра гэтых вадзілаў са знакамітага Іванава я неяк брату расказаў.
Давялося з імі начаваць на трасе. Спыніліся за горадам. Машыны побач
паставілі, вогнішча развялі, вячэру гатаваць пачынаем. Гляджу, адзін пад «камаз» палез ні з таго ні з сяго, кардан пачынае адкручваць. «Навошта?» — пытаю. «Подопью — поеду», — адказвае. Другі маўчком ля цяпельца сядзіць. Павячэралі. Само сабою — чарку ўзялі. Спаць пара ўкладвацца. Гэты, каторы кардан адкруціў, у машыну залазіць, заводзіць і газаваць пачынае на ўсю катушку, рулём круціць, сігналіць час ад часу — едзе… Другі куртку нацягвае. «Ты куды, на ноч гледзячы?» — пытаю. «Пойду, похлопочу», — адказвае і ў цемры знікае. Сяджу ля вогнішча, зоркі ў небе лічу і не ведаю, што рабіць. Адзін — газуе, другі — чорт ведама дзе… Нарэшце праз якую гадзіну другі вяртаецца. З фінгаламі, у сіняках, збіты на яблык горкі… Падыходзіць да машыны, кабіну адчыняе і кажа першаму: «Станавісь, прыехалі…» I праўда, першы машыну глушыць, пытаецца: «А ты похлопотал?» «Похлопотал», — адказвае другі. «Ну, тогда спать давай укладываться…»
Гляджу на брата і — не да смеху мне. Схуднелы ў трэшчыну, пасля аперацыі на сэрцы ён нікуды надта не можа падацца і для яго рыбалка цяпер — адзінае збавенне ад гэтага жаху халоднага, што нечакана ні з таго ні з сяго накочваецца на ўсіх сардэчнікаў. Па самым краёчку жыцця ходзіць. I што думае ён, чым суцяшае і апраўдвае дні пражытыя?
I ён яшчэ кудысьці лезе… Тут здароўечка конскае трэба мець…
Гледзячы на ключы ад машыны, брат усё гэтак жа глухавата, на мяне вачэй не падымаючы:
— Дома сядзеў бы, гора не сёрбаючы…
— Нічога, усё ў жыцці спазнаць трэба, — адказваю і ў акно на двор гляджу. А там у пясочніцы хлопчык годзікаў трох гуляе. Побач на лавачцы мамка сядзіць, газецінку чытае, праўдачку хоча ўведаць, мо нават — і «Народную волю»… Час ад часу вочкамі туды-сюды пуляе. Ногцікі на ножках фарбаваныя, прычосачка, фігурка — усё, як паложана. Такія прыгажунечкі годзікі са тры як пасядзяць з малым у цеснай двухпакаёўцы, потым галоднымі тыгрыцамі на вуліцу вылятаюць… — Нічога, — паўтараю брату, — усё ў жыцці спазнаць трэба. Мой сябрук у шэсцьдзясят ажаніўся на дваццацігадовай.