Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 2
Василий Семенович Гигевич
— Адчаюгі, можа, і знойдуцца, — адказаў ён, — а разумных, каб выканаць яго, — кот наплакаў. Гэта — па-першае. А па-другое, скажу, што да нас, як і ў мафію, і ў масонства ўваход ёсць, а выхаду няма. А тут надта ўжо сур’ёзнае заданне намячаецца, дэталяў я і сам да канца не ведаю, не казалі мне. Ды і тэсты на кемлівасць — цяжкавата іх прайсці, сыплюцца нашы…
Тады я:
— А з работаю як? А пенсія, калі на тое пайшло?
Ён бліснуў вачыма, ажно павеяла холадам, і:
— Не хвалюйся, не ты першы, не ты апошні… Усё прадумана. Аб’явім, што знік пры невядомых абставінах. Калі захочаш — лістоўкі з фотаздымкамі паўсюль вывесім, прыкметы апішам, нават у Інтэрпол інфармацыю закінем…
— А доказы?
Ён тут жа:
— Легкавік свой дзе ставіш?
— Ля пад’езда. Як і многія. Гараж далекавата, лянуюся…
— Размалоцім ушчэнт. Асфальт ля машыны чырвонай фарбаю выпацкаем. Камар носа не падточыць. Пасля, калі заданне выканаеш, машыну адрамантуем.
— А як жа вы растлумачыце маё паяўленне?
— Аб’явім, што быў без памяці некалькі гадоў. Ты што, газет не чытаеш, тэлевізара не глядзіш? Цяпер такіх нямала: выйшаў чалавек з дому і — не вярнуўся. Потым, годзікаў праз пяць, паяўляецца невядома адкуль. Пачынаюць у яго дапытвацца, а ён — нічагусенькі не помніць. Гэта — горшы варыянт, калі з заданнем не справішся. А ў лепшым — героем будзеш. Рызыка, сам разумееш… Хто не рызыкуе — той не п’е шампанскае. Дык як, згода, па руках?
Задумаўся я… Шкада брата стала — сардэчнік, ён без рыбалкі жыць не можа, вазіў я яго дагэтуль штотыдзень на рэчку.
А ён далей соль на жывыя раны сыпле:
— Не ты адзін у такую сітуацыю трапляеш. Некалі быў цар, Адысеем звалі. І жоначка ў яго была, Пенелопа. Ён пасля дзяржаўнай службы дамоў стомлены вяртаецца, а Пенелопа са служанкамі лясы точыць пра багоў алімпійскіх. Ён ёй — слова, а яна яму, багамі алімпійскімі заклапочаная, — тры ў адказ. Як і ў цябе атрымлівалася. Якая тут табе ўжо вячэра?.. Цярпеў ён, цярпеў, а тады каманду гэткіх жа, як і сам, гаротнікаў сабраў і ў мора падаўся. Гэта пасля гаварыць пачалі, што ён залатое руно паплыў шукаць. Але, павер мне, усё іначай было. Заадно ён і Пенелопу рашыў правучыць, праверыць, ці верная яна яму. І вось, калі ён паплыў, калі да яе розныя сваты з усіх канцоў свету папёрлі, калі горачка цяпнула, тады яна і ўведала, што страціла…
Падумаў я: Адысей не пабаяўся царства страціць, то што мне губляць?
Кажу яму:
— Так і быць, калі прайду тэсты, ды і ўсё астатняе, машыну не чапай, аб’явы не вывешвай. Ты лепш чутку пусці, што мяне ў шпіёны завербавалі. Я ключы ад машыны і дакументы на яе брату пакіну, а ты замест мяне будзеш з ім на рыбалку ездзіць.
Зноў ён зыркнуў на мяне, у самыя вочы ўтаропіўся, вусішчы пальчыкамі распраміў — на таракана стаў падобны. Позіркам сваім, як шылам, да сэрца самага працяў і кажа:
— Падумай. Пасля, як распіску дасі, позна будзе.
А мяне як чорт панёс, ведама, чалавек я гарачы:
— Выклікай на гутарку!
Што ж, назаўтра прыехалі да мяне на работу, перагаварылі пра нешта з начальствам, запрасілі мяне ў чорны легкавік з таніраванымі вокнамі, павезлі да сябе ў нейкую будыніну, на дзвярах якой ніякіх шыльдаў няма.