Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 5
Василий Семенович Гигевич
Базыль, Базыль, у краях далёкіх
Ты пра сяброў не забывай.
Дзяўчат прыгожых, сінявокіх
Не забывай, успамінай.
І далей у тым вершыку нейкія намёкі былі на будучую сустрэчу, калі раскажу, дзе бываў і што бачыў…
Да гэтага часу на рабоце чуткі пайшлі, што мяне ў шпіёны завербавалі. Адны казалі, што пад прыкрыццём пасольства буду працаваць, другія, што ў глыбокую рэзідэнтуру запускаюць. І ўсе чамусьці шкадавалі мяне.
Глядзеў я на гэтую запунсавелую і сінявокую і таксама гэтак шкадаваў… I думалася міжвольна: вярнуся, сінявочка, табе першай пра шпіёнства сваё раскажу, цёмнымі вечарамі ў самае вушка шаптаць буду.
Ну, а потым мае будучыя хаўтуры танцамі і песнямі замяніліся.
Ох, і скакаў жа я на тых танцах, ох, і выдылінгіваў!
Хораша мы спявалі:
Ой, сівы конь бяжыць,
На ім бела грыва.
Ой, спанаравілась,
Ой, спанаравілась
Мне адна дзеўчына…
Не так та дзеўчына,
Як яе лічанька…
Як гэта здорава: спяваць і адчуваць салодкае яднанне з добрымі людзьмі, якое, можа, толькі цераз песню і адчуеш! Бо што яшчэ, скажыце мне, апроч народных звычаяў і народнай песні нас яднае і можа яднаць?
Затым да брата-сардэчніка падаўся. Збольшага, сакрэтаў не выдаючы, расказаў, што да чаго і з чаго ўсё пачалося.
А ён таксама ў гарачай вадзе купаны — тут жа са сваёй парадаю:
— Разводзься, калі гэтак дапякла. I — дзелу канец, і нікуды падавацца не трэба.
Памуляў я вуснамі і кажу:
— Калі кожны мужчына пачне разводзіцца пасля сямейнага скандалу, ты нават і ўявіць не можаш, што будзе тварыцца на свеце. Г эта ўжо наша мужчынская доля.
— Якая доля? — вытарашчыў вочы брат.
— Цярпець жаночыя выбрыкі да скону сваіх дзён. Яны ж без слёз і скандалаў не могуць жыць, яны ж неяк па-іншаму петраць… I беды ўсе пачынаюцца, калі мы, мужчыны, думаем, што жанчыны гэткія ж, як і мы, калі да сваіх спраў імкнёмся іх прывучыць… Не трэба гэтага рабіць, яны проста — іншыя, зусім па-іншаму думаюць. Мы, мужчыны, калі што надумалі — тут жа і прымаемся за справу: робім з дня ў дзень, воч да зор не падымаючы, малатка ці сякеры не выпускаючы з рук. А яны што робяць звычайна? Яны і не думаюць брацца ні за якую справу, найперш мяркуюць, як бы нас хутчэй да сваіх рук прыбраць. А справы ім нашы — як пану гармонь патрэбныя… Вось таму яны слёзкамі нас даймаюць, штодня на сябе новыя кофтачкі нацягваюць, памадзяцца, як могуць, падфарбаванымі вочкамі бяруць нас у палон. Вось так, — заарканіўшы нас, яны сваю справу зробяць, а тады ўжо камандуюць намі, як ім уздумаецца…
— Цябе і зацугляе… — сумняваецца брат.
— А-а, чаго, — супакойваю яго. — У добрыя і мяккія ручкі я заўсёды гатовы аддацца… Карацей, таго ў цёмных акулярах са спецорганаў памятаеш?
— Памятаю, — адгукаецца брат. — Вёрткі ён надта. Такіх у ступе не затаўчэш. То ён пад вяскоўца косіць, то пад еўрапейца… З кожным чалавекам па-рознаму гаворыць…
— Ключы ад машыны на стол кладу. Ён звоніць табе, заве на рыбалку. Пакуль мяне не будзе — ездзіце. Вось там на рыбалцы ты яго і выхоўвай, прывучай да слова роднага.
— А як жа без яго, слова роднага, абыходзіцца? Разам з моваю, без звычаяў сваіх і народ знікае, у насельніцтва ператвараецца… Ты што, не ведаеш, што слова — не гук пусты? Няўжо не ведаеш, што слова на генетычны код чалавека ўплывае? Як і вада, гэтак жа і слова чалавека як лечыць, так і калечыць. Г эта не я, а вучоныя даказалі. Людзі пра ўсё гэта і без вучоных ведалі, калі над вадою шапталі свае загаворы і вадзіцаю загаворанай дзетак лячылі… О-о, мы яшчэ не ведаем толкам, што такое — слова, мова родная… Як думаеш, чаму так склалася, што ў кожнага народа мова свая?.. Як толькі мова знікае, то і народ тут жа знікае… А-а, што табе, боўдзілу, тлумачыць!..