Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 35
Василий Семенович Гигевич
Адплываем. Брат арлом сядзіць на матрацы, на хвалістае возера пазірае. I раптам успамінаю: а каша?.. Каша ў вядры так і засталася ля машыны.
— Боўдзіла! — заводзіцца брат. — Вечна ў цябе парадку няма ніякага, вечна ты ўсё забываеш. Цямнець зараз будзе.
Вяртаемся. Бяру кашу. Зноў адплываем. Рыпаюць вёслы. За спінаю нічога не бачу, брат, як палкаводзец, камандуе, рукою то ўправа, то ўлева торкае. Выграбаю вёсламі і ўсё пазіраю на ўсохлы надта ўжо худы братаў твар. Аперацыя на сэрцы дарэмна не мінаецца. I страшны, страшны ён становіцца вечарам, калі стамляецца.
Да калоў падплываем, калі залацістае вялікае сонца кранаецца вады. А работы яшчэ — непачаты край, як маці некалі казала… Трэба катушку да кола ліпкай стужкаю прымацаваць, трэба жылку з гумкаю адвесці ад кола метраў на сто, не меней, бо лешч — асцярожны, на дурніцу яго не возьмеш… Там жа, на канцы гумкі, грузіла з паплаўком трэба ў ваду апусціць. Назад да катушкі трэба вярнуцца і, зачапіўшы за крайнія кручкі пластмасавыя паплаўкі, апусціць іх у ваду — гумка тут жа пацягне гэтыя паплаўкі туды, дзе будзем карміць рыбу.
Зноў трэба адплываць ад кола і плысці да паплаўкоў і карміць, карміць ляшчоў, якія недзе там, пад паверхняю хвалістай вады, плаваюць парамі ад берага да берага. Ляшчы чамусьці парамі гуляюць… I зноў да кола трэба плыць, вёрткіх чарвякоў на кручкі трэба чапляць, званочак звонкі трэба да жылкі мацаваць. Гэта ўсё — работа з адной катушкаю. А такіх сёння тры. А яшчэ ветрык лёгкі лодку ўвесь час зыбае, адносіць убок. А брат камануе, падганяе… Аж спіна мокрая.
Калі трэцюю катушку прывязваю да кола, у спешцы, адной рукою трымаючыся за кол, а другою — за катушку, нечакана адчуваю, што яна выслізвае з пальцаў і ў ваду — боўць…
Лепш я б сам туды боўтнуў.
— Боўдзіла! — толькі і гаворыць брат. Лепш бы ён мне аплявуху залімоніў. Брат адварочваецца і глухавата жаліцца не мне, а таму, хто ўсё гэтае агромністае і бязмежнае стварыў і цяпер, мабыць, зверху на тварэнне сваё з ухмылачкаю пазірае. — Такая катушка, яшчэ савецкая, не сённяшняя кітайская падробка… Жылкі сто метраў, гумкі дваццаць… Кручкоў пяць штук, японскіх, кобра… Павадкі, пацерачкі, вяртлюжкі… Цэлы надвячорак угробіў… Чарвякоў накапай. Кашы навары… А-а, што яму, на ўсё гатовенькае прыкоціць… Той раз падсачык утапіў, гэты…
Вось табе і на… Я думаў, што яму ласку раблю, на рыбалку адвозячы, аказваецца…
Але цярплю, маўчу, як кляты.
Распранаюся і асцярожна, каб лодку не перакуліць, апускаюся ў ваду.
А не то будзе, як сябруку, які хваліўся, што ягоныя гены пальцам не прыкрыеш…
Як мае быць да рыбалкі падрыхтаваўся. Боты з шырокімі халявамі на ногі ўсцягнуў. Навошта яны яму спатрэбіліся сярод лета? Бінокль цэйсаўскі, дарагі, на шыю начапіў. Мабыць, шчупака ў вадзе марыў разгледзець. Нож-фінку ў кожаным футалярчыку да пояса прымацаваў. Усё зрабіў па-гаспадарску, як дзед ягоны рабіў, калі жарабкоў і авечак гадаваў.