Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 31
Василий Семенович Гигевич
Дзе ж мяжа іхняга пазнання саміх сябе?
I ці ёсць яна, гэтая мяжа?
— Што ж вы вытвараеце? — зноў ледзьве не прастагнаў я.
— А што ты ўсё дзівішся, дзівішся?.. — нечакана з Лупавокенькага палезла нешта іншае, прыхаванае да пары, што дагэтуль я душой адчуваў. Знікла ў ягоным голасе ласкавасць, левітанаўскі басок пачаў праразацца ўсё мацней і мацней. У памерах ён павялічыўся, на ўсю сцяну перада мною паўстаў, вочкі ягоныя наблізіліся да мяне, і аднекуль зверху, без майго ведама, у маю галаву пачало ўлівацца: «Вось вы ўсе пагалоў адзенне з сінтэтыкі носіце, яно ж таксама зроблена з газаў і паветра. Хоць і трашчыць на голым целе, і страляе, хоць на алергію ад яго хварэеце, а носіце, фарсіце адно перад адным… Катлеты з генетычнай соі за мяса прымаеце. I — нічога, не давіцеся… Пачакайце… Усё будзе, як у вашых святых кніжках напісана, — манну нябесную будзеце есці. Прывы-ыкнеце… I дзеткі ў інкубаторыях будуць нумараваныя, адразу ж пасля паяўлення на свет вы з іх таксама, як і мы, спецыялістаў будзеце рыхтаваць: канвеершчыкаў, праграмістаў, матэматыкаў, тэхнолагаў… А то — невядома каго гадуеце без ніякай праграмы, плодзіцеся без меры… Скажу табе па сакрэце, — дзякуючы прагрэсу кланіраванне не кожнаму гуманоіду дазволена рабіць, не кожны смее зазірнуць у вечнасць, толькі выбраныя, толькі яны могуць трапіць у наш рай… Усё, усё будзе ў вас, як у вашых святых прарочых кніжках напісана: і мёртвыя жывымі стануць, уваскрэснуць з дапамогаю генетычных тэхналогій…»
Тут я ўжо не мог стрымацца. Колькі ж цярпець! Як казала мне адна прыгажуня, якая на кухні час ад часу ў мужа талерку запускала: мае нервы — не вяроўкі… Пачуўшы тыя слоўцы пра вяроўкі і нервы, недарэка муж стрымгалоў ляцеў да дзвярэй, бо ўслед тут жа — гэта ён ведаў — ляцела талерка… Лятаючыя талеркі не толькі ў блакітных нябёсах паяўляюцца… Талеркі пад рукою ў мяне не аказалася…
— Ах ты, галапузік зялёненькі… — крыкнуў я, забыўшыся, што не дома, што ў гасцях, дзе павінен маўчаць. — Мяне ўсё дзярэўняю папікаеш, цёмным лічыш, а чаму маўчыш, што ў нашых свяшчэнных кніжках яшчэ пра Гамору і Садом напісана?.. Чаму маўчыш, што там яшчэ сказана пра разбураную Вавілонскую вежу?.. За што і чаму яна была разбурана, не падкажаш?.. Як мне — дык манну нябесную на сняданак падсоўваеш, а булкі з фінікамі каму дастаюцца? Каму мамалыга з аліўкавым маслам дастаецца?..
Пра ўсё забыўшыся, кінуўся да стэрэаэкрана і з размаху кулаком… Ды тут, — ці паверыце! — аказалася, што перада мною было не шкло, не стэрэаэкран, а галаграма неадчувальная і кулаком сваім я нікога не мог зачапіць.
Вось табе і на… Абдурыў мяне Лупавокенькі, абдурыў…
— Прывы-ыкнеш да новай рэальнасці, зменіш сваю сутнасць… — усё гучаў і гучаў у маёй галаве грозны бас Лупавокенькага. — Не толькі да чыпавання прывыкнеш… Усё, што бялком называецца, есці будзеш, не толькі манну нябесную: і катоў, і сабак, і мышэй, і саранчу, і чарвякоў… З чаго тая яда зроблена — якая табе розніца?.. Бялкі бялкамі павінны харчавацца — вось табе і ўся мудрасць, вось табе і ўся філасофія….