Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 29
Василий Семенович Гигевич
I зноў ні з таго ні з сяго я ўспомніў пра камунізм. I грошай у іх няма, і сем’яў няма, і райскія сталы, парадак поўны, нават наркаманаў няма, пад кантролем у іх усё…
Памуляў я вуснамі і:
— А з дзеткамі як вырашаеце праблему? Ваша гуманоідная цывілізацыя тут жа гігнецца, калі іх не будзе.
— Не хвалюйся, усё пад кантролем, — ён падняў лапку ўгору. — Некалі нашы, так бы мовіць, жаночыя тыпы, гуманоідзіхі, перасталі нараджаць дзяцей. Прызнаюся табе, тут трохі і мы былі вінаватымі: у свой час цэлае пакаленне вырасла, седзячы ля тэлевізараў і камп’ютараў, дзе, бы праз адтуліну замочную, глядзелі салодкія парнухі. Сам здагадваешся, што пасля такога выхавання пазнікалі ўсе таямніцы, усё стала ясна і проста…
«Во прывязаўся», — падумаў я.
А той сваё вёў:
— У нас усё было: і сурагатныя маці былі… Скажу адразу ж, з гэтымі сурагатнымі маці адны праблемы: з гуманоідзіхі ад старасці парахня сыплецца, а яна аб’яўляе усёй Дзэце, што стала маці і ў яе двойня малюпасенькіх гуманоідаў паявілася, хоць чые тыя гуманоіды — ніхто не ведае ды і не можа ўведаць… А што нам было рабіць, калі ад сурагатнай маці скалечаны нябога гуманоід паяўляўся — на сметнік выкідваць?.. I цэнтры ў нас спецыяльныя меліся, дзе бяздзетным парам дапамагалі… А потым, як кланіраванне адкрылі, нам лягчэй стала — мы гэтую справу паставілі на канвеер. Скажу табе — разумнік, вялікі разумнік быў ваш Форд, які прыдумаў канвеерныя лініі… Да пары да часу мы хавалі ад цябе гэтую інфармацыю, бо ты быў маральна не падрыхтаваны, прафанам быў поўным… Але цяпер, калі ты пра чыпаванне сёе-тое ўведаў, мы можам паказаць табе праўду…
I тут знік Лупавокенькі.
На стэрэаэкране я ўбачыў агромністыя як бы заводскія карпусы, якія дагэтуль бачыў. Унутры тых карпусоў, што нагадвалі заводскія цэхі, я ўгледзеў круглыя празрыстыя колбы, былі яны спрэс аплеценыя белымі трубачкамі. Мабыць, як я здагадаўся, па тых трубачках спажыўныя растворы паступалі ў колбы. А ў колбах — эмбрыёны гуманоідаў былі. Маленькія-маленькія, з пазногцік мезенчыка. I ўсе гэтыя колбы, прымацаваныя да доўгіх ланцугоў, памалу рухаліся, і ў колбах падрасталі эмбрыёны гуманоідаў, станавіліся ўсё большымі і большымі — як канвеерныя лініі…
Амаль гэткімі ж тыя канвеерныя лініі былі, як і тыя, на якіх ежа з газаў і паветра сама па сабе паяўлялася.
Асобны корпус я ўбачыў, там гуманоіды, схіліўшыся над мікраскопамі, спецыяльнымі пінцэтамі тварылі штосьці — мабыць, там яны і рабілі свае эксперыменты над нябачнымі камячкамі жыцця, кланіраванне рабілі… А потым, як я здагадаўся, яны тыя камячкі ў колбы шкляныя запускалі і на канвеер выпраўлялі…
У канцы канвеерных ліній спажыўныя растворы з колбаў выкачваліся, спецыяльнымі лазернымі праменьчыкамі тыя колбы разразаліся, адтуль спецыяльным аўтаматам вымаліся гуманоіды малюпасенькія, яны тут жа ўкладваліся на новыя канвеерныя лініі, якія далей рухаліся і хаваліся ад маіх вачэй за цёмнай занавескаю. Што там з імі далей адбывалася — не паказалі мне. Але і без гэтага я здагадаўся, што там з малюпасенькімі гуманоідамі рабілі.