Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 28
Василий Семенович Гигевич
Хацелася, хацелася мне выказацца, але, пажаваўшы словы, я так і не сказаў яму нічога. У гасцях я быў, а госцю не ўсё паложана гаварыць…
Мабыць, Лупавокенькі і сам скеміў, што ляпнуў не тое, пачаў папраўляцца:
— Няхай сабе і не мужчыны… Ты таксама не прыгажун. Адны вушы і насяра чаго вартыя…
— Гледзячы для каго, — тут жа адпарыраваў я. Цяпер нават і не думаў скакаць пад ягоную дудку. — Некаторым дык і надта падабаюцца і нос, і вушы. I многае іншае…
Памаўчалі. Хацелася мне яму яшчэ пару ласкавых дабавіць, ды зноў жа — сцярпеў. Маўчу, цярплю, як кляты…
А ён зноў пачаў сваё весці, — усё яго на філасофію цягнула і гэтай сваёю філасофіяй Лупавокенькі мяне бы інтэрнэтаўскім павуціннем аблытваў:
— Вось скажы, дзе ўсё пачынаецца пры каханні: тут, — лапкаю ў накірунку гузачка махануў, — ці — тут? — і на галоўку лапкаю торкнуў.
Прызнаюся, што ніколі пра гэта і не думаў. Паціснуў плячыма.
— Дык вось, я аўтарытэтна заяўляю і гэта табе пацвердзяць вашыя вучоныя — тут усё пачынаецца і заканчваецца, — і зноў ён па пятрылаўцы сваёй лапкаю заляпаў. — Калісьці мы ўсё гэта праходзілі, як дзеці школу праходзяць: і секс па тэлефоне, і стэрэапарнухі… Калі цвяроза разабрацца, то ўсё гэта — толькі спосаб уздзеяння на мозг па пэўных каналах… А потым у нас пайшлі парнухі са стогнамі і пахамі… А потым…
Я перабіў яго:
— Не дуры мне галавы. Адно з другім не блытай…
— Чаму? — зыркалаўкі да мяне наблізіў. — Вось ты нядаўна сон салодкі сніў. Што ёсць сон?
Тут Лупавокенькі са свайго крэсліца падскочыў і зноў пачаў перада мною швэндацца ўзад-уперад, і пачаў гаварыць:
— Сон — гэта вялікая загадка. Разгадваючы сны мы навучыліся прадказваць будучыню. Цэлая навука ў нас ёсць — снобачанне… Ці не праводзіць у снах чалавек свае самыя лепшыя імгненні? Задумайся, чаму ў вас наркаманы да наркаты цягнуцца? Вось скажы ты мне, чаму у вас так атрымліваецца: некаторыя маладзенькія хлопцы і дзяўчаткі, у якіх усё ёсць — і жаданні, і здароўе, а яшчэ ў школе да цыгарэт, да наркаты цягнуцца, ад бутэлькі піўной адарвацца не могуць? Патлумачу табе, адкрыю ісціну — ад цыгарэт, наркаты і піва ў іх галовах пераварочваецца свет. Сны ім тады — саладзейшыя за рэальнасць. А і праўда, чым сны горшыя за рэальнасць? У крэсле-ляжанцы цераз чыпы мы можам ўздзейнічаць на цэнтры насалоды галаўнога мозга. I ў выніку — сам упэўніўся — гэта лепш за вашы серыялы па тэлевізары, гэта саладзей за наркотыкі. Так што заадно мы даўно з наркаманамі разабраліся. Цяпер разумееш, чаму ў нас няма кахання ў вашым, зямным, разуменні. Яно ёсць, але іншае… Таму нам і сем’і не трэба, навошта яны?.. З сем’ямі ў нас гэтулькі праблем было: здрады вечныя, сваркі бясконцыя з-за лыжкі непамытай, шлюбы, разводы, палюбоўніцы і палюбоўнікі адзін за адным гойсаюць, уходдзя ім няма ніякага, справы даходзілі да забойстваў і самазабойстваў… А псіхозаў колькі было з-за кахання? Пра ўсё гэта ваш разумнік Фрэйд распавёў цэлую навуковую тэорыю — пра псіхааналіз на сексуальнай глебе… Ён, ваш разумнік Фрэйд, усё ў свеце тлумачыў на аснове сваёй тэорыі, без яе ведання вашы людзі ніяк не могуць абысціся, на чаргу запісваюцца, дзе псіхааналітыкі за грошыкі з вашымі людзьмі праводзяць разумную работу…