Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 26
Василий Семенович Гигевич
I як жа я жыў, як дагэтуль жыву!..
Я гляджу на луг, які ўсё болей і болей засцілаецца туманам, слухаю далёкія-далёкія дзіцячыя крыкі, нетаропкае і рытмічнае рыпенне драча, — і крыкі, як і рыпенне драча ў аглушальнай цішыні здаюцца надта звонкімі,— гляджу на бліскучую і гнуткую палосу вады рачной, што ўнізе пад абрывам жывым срэбрам паблісквае, гляджу на сцішаную поўню, што ўсё ярчэй і ярчэй нізкія воблакі высвечвае, і, як гэта бывае, калі чалавек закаханы, перапоўнены адчуваннем хараства і суладдзя з усім, што акружае, хачу падзяліцца з ёю багаццем сваім. Я не ведаю, як усё выказаць, толькі і магу:
— Паглядзі, як хораша.
I яна тут жа, як гэта бывае ў закаханых, разумее мяне, ёй і слоў ніякіх гаварыць не трэба, прыхінаецца да мяне і ціхутка, як самую найвялікшую таямніцу, шэпча:
— Я тут нарадзілася…
I ад яе шэпту мяне ўсяго скаланае, я асцярожна, з бояззю страціць самае найдаражэйшае ў свеце, што не набудзеш ні за якое багацце, праводжу рукой па яе мяккіх валасах, удыхаю пах чыстага, напоўненага сунічным пахам цела — і адчуваю, як хмельна кружыцца галава. У нейкім трызненні я таксама пачынаю шаптаць ёй штосьці сваё, запаветнае, чаго дагэтуль ды і потым ніколі нікому не шаптаў…
6
Прачнуўся не ў крэсле-ляжанцы, а ў спальні на ложку. Сон быў яркі, жывы — ніколі такіх яркіх сноў не бачыў. I адчуванні былі вострыя, здавалася, што яна, прыгажуня, усё яшчэ побач — я адчуваў дотык пальцаў яе на сваім целе, адчуваў пах яе чыстых валасоў, пах яе сунічнага цела…
I яшчэ — стомленасць неймаверная была ва ўсім целе…
Зноў пачалося ўсё тое ж, цяпер ужо знаёмае: ванна, столік з сытнымі кашамі і пюрэ, якія і жаваць не трэба.
Торкаў я лена відэльцам у тыя кашы, і думалася мне міжвольна: а якой жа ежаю мяне кормяць — той, што з газаў і паветра зроблена, ці той, з садавіны і гародніны, якая ў падземных скляпеннях выспявае?.. У вачах маіх стаяў іншы стол, на якім бульбачка парай сыходзіць, дзе капуста квашаная ў талерцы бялее, дзе грыбы вымачаныя на талерцы цямнеюць, дзе кольцам каўбаса дамашняя ружавее, дзе дранікі горкаю высяцца ля патэльні са свежыною салодкаю, дзе тваражок і масла ў талерачках…
Эх, — брата ўспомніў, — і праўду ён казаў некалі: куды і чаго мяне занесла?.. Дома сядзеў бы… Але ж, ці ўседзеш, калі перад табою дарогі зваблівыя і спакуслівыя высцілаюцца? Гэтак, мабыць, чалавек устроены, што зыбацца ён павінен перад спакусаю нязведанага і сумам спазнанага…
Пасля сняданку падаўся да стэрэаэкрана. Цяпер я пачынаў што да чаго разбірацца. Зразумеў: пара, пара надышла, Базылёчак, галавою шурупіць, думаць трэба, іначай абдураць, як апошняга ёлупня…
Экран тут жа і засвяціўся. Карла з’явіўся. Зноў нябачныя аператары і рэжысёры пачалі з ім усялякія фокусы вытвараць перад вачамі маімі. Лапку ён ўгору падняў і галасок ягоны пачуў я: