Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 20
Василий Семенович Гигевич
— Пра якія кніжкі ты гаворыш?.. Кніжкі — даўно пройдзенны этап для нас. Як для вас папірусныя світкі… Навошта яны вам? Ад кніжак галава пухне. Мы ўсе кніжкі ў бібліятэках адсканіравалі і праз чыпы іх змест у суперкамп’ютар загналі. Кніжак у нас цяпер нідзе не знойдзеш. Паэты, пісацелі розныя, якія чорт ведама пра што пішуць, — пра нейкія перажыванні і разважанні — даўно зніклі на нашай Дзэце, як у вас некалі маманты павыміралі… I з вачэй далоў — і з сэрца вон, гэтак у вас кажуць. Кніжкі — усяго толькі інфармацыя, не болей… У вас, дарэчы, пісацелі ёсць?
— Пісацеляў, як ты кажаш, шмат, а вось паэтаў — мала, — адказваю.
— Вось-вось, мы кніжкі вашых пісацеляў у любы момант можам адсканіраваць, у суперкамп’ютар загнаць, а затым — бац! — праз чыпы ў дзіцячыя галоўкі загонім. Адукаванне ў іх будзе поўнае, па поўнай праграме… Гэтую інфармацыю гатовенькую не толькі дзеці, а і ты без ніякага намагання можаш атрымаць з чыпа, які ў тваёй галоўцы ўжыўлены. Захацелася табе — бац! — ты ўжо пра ўсё ведаеш… Бясплатна і без ніякага намагання — вось што самае галоўнае. А то ў бібліятэцы вочкі сляпі, думай, разгадвай, што той паэт хацеў сказаць. Усё, што табе трэба, ты спытаеш у таго чыпа і ён цераз камп’ютар тут жа ў тваю галоўку адказ выдасць. Ты ж ведаеш, што мозг — камп’ютар той жа. I гэтыя маленечкія-маленечкія радыётэлефоны мы чыпамі назвалі. Паняў?
— Паняў, ды не зусім, — сказаў я. Нейкім надта свойскім станавіўся гэты маленечкі карла. Ужо і скура ягоная зеленаватая не бянтэжыла, ужо і вочкі круглыя неміготкія не трывожылі. А што галасок ягоны ў галаве гучаў — дык я, чэсна прызнаюся, ужо і не задумваўся:
— Як жа гэта інфармацыя перадаецца?
— Ваа-аў! — развёў лапкі Лупавокенькі, — вас яшчэ вучыць ды вучыць. Цёмныя вы людзі…
— Ну, ты ўжо надта не наязджай на нас! — тут і я здачы выдаў, бо зачапіла мяне.
— Ладна, ладна, — прымірэнча падняў лапку Лупавокі. —!нфармацыю на першым часе мы перадавалі па гукавым канале, праз нейроны слыху. Тэлепатычна, так сказаць. Схема такая:
Гуманоід — чып — суперкамп’ютар — зноў гуманоід.
Амаль гэткая ж замкнутая схема атрымліваецца, пра якую вашы класікі-прарокі пісалі, калі гаварылі пра грошы — тавар — грошы. Толькі цяпер ужо ўсё рабілася на сучаснай навуковай аснове. I — самае галоўненькае, што замест прыбытку гуманоід станавіўся разумнейшым, болей прагрэсіўным. Панімаеш, дзярэўня цёмная?
Ну, думаю, галапузік Лупавокенькі, я табе яшчэ прыпомню дзярэўню цёмную… Але ж — маўчу пакуль што… А ён далей хваліцца:
— Замкнутая гэта схема адзіным энергетычным контурам. Амаль гэтак жа атрымліваецца, як у нас з табою, калі мы гутарку вядзём.
— А потым?
— А потым… Мозг — камп’ютар, гэта табе ўжо вядома. Нашым вучоным удалося расшыфраваць механізм перадачы ўсіх сігналаў, не толькі гукавых: зрокавых, пахі розныя, адчуванняў розных: цяпла і холаду, салодкага і горкага, прыемнага і непрыемнага. Знайшлі нашы вучоныя і той цэнтр, дзе сігналы збіраюцца, аналізуюцца і рашэнне прымаецца на дзеянне ці бяздзеянне гуманоіда. Цэнтр гэты і ёсць тое, што вы душою называеце, што вы называеце сваёй сутнасцю, сваім Я. Вось да гэтага цэнтра, да душы вашай хвалёнай нам і ўдалося падключыць чыпы. I тады нам такое поле дзейнасці адкрылася… Ва-аў, якія магчымасці мы цяпер маем!