Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 18
Василий Семенович Гигевич
Прызнаюся, цяпер адчуваў, што Лупавокі пасмейваецца з мяне. Бы з неразумнага дзіцяці. I словы такія знаходзіў… Штосьці мяне насцярожвала, штосьці ён не дагаворваў… Але ж, самае дзіўнае, гаварыў ён лагічна, без запіначкі, не прыдрацца было.
— Жыццё пачало біць ключом, прагрэс пайшоў у наступ. Канторы і заводы па выпуску фанцікаў і лісцікаў пачалі закрывацца, чыноўнікаў паменела, хабару не стала. Розныя там пашпарты, даведкі — цяпер гэта камп’ютар рабіў. Жулля паменела. Дысцыпліна паявілася, бо ўсё было пад поўным кантролем. А дзе падзецца таму жуліку — з космасу праз спадарожнікі і бранзалецікі ён павязаны, як на ланцугу сабака… I галоўнае, паўтаруся, цяпер ніякай пісаніны, ніякіх дакументаў не патрабуецца — усё-ўсё можна заносіць на бранзалецік і адтуль жа, з бранзалеціка, гэтую ж інфармацыю ў любы міг можна было злізваць.
— Дык ты пакажы мне гэтыя фанцікі, лісцікі, бранзалецікі, — і сам не прыкмеціў, як на «ты» перайшоў.
— А гэта — пройдзены этап, — махануў перад маім носам лапкаю мой гід ці настаўнік — чорт ведама, як мне было называць яго. Некалі ў нас на рабоце аднаго павысілі ў званні. Мы да яго — замачыць трэба тваё павышэнне. Ён нам ручкаю таксама, як і Лупавокі, махануў і кажа: «А гэта — пройдзены этап для мяне». Так і не замачылі, пажміндзіўся…
— Няма іх у нас. Вось цяпер я і кажу табе, што фанцікі — гэта час. Яны як бы ёсць і між тым — няма іх… Гэтак жа, як і час, — ён як бы ёсць і між тым — няма яго, памацаць яго не можаш… На ўсёй Дзэце ніводнага фанціка, ніводнага бранзалеціка не знойдзеш. Як і ніводнага лісціка не знойдзеш…
— Я-як? — здзівіўся я і тут жа ўспомніў даўным-даўно чытанае ў кнігах пра будучыя шчаслівыя гады, якія некалі наступяць, калі грошы не спатрэбяцца, калі ўсе людцы шчаслівымі будуць. — У вас што — камунізм наступіў?
— Ды не блытай ты камунізм з прагрэсам, — таксама непрыкметна на «ты» перайшоў Лупавокі. — Мы чыпы прыдумалі. Мы суперкамп’ютар прыдумалі і ў космас яго затарабанілі. Мы ўсю планету адзіным інфармацыйным полем ахапілі. Як павуцінне накінулі на ўсю планету. Яшчэ лепшым жыццё стала. Цяпер усюды, дзе б гуманоід не знаходзіўся, ён падключаны да суперкамп’ютара, адтуль ён можа любую інфармацыю вывудзіць. Але гэта было толькі напачатку. А далей… Як ты думаеш, што было далей, чалавек разумны?