Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 17
Василий Семенович Гигевич
— Не зразумеў я твой анекдот… — суняўся трохі мой настаўнічак. А потым зноў яго панесла: — Вось так у нас і пайшло-пакацілася жыццё побач з фанцікамі. Гуманоіды набывалі і збывалі фанцікі, гандлявалі імі. Ды не толькі гуманоіды, але і цэлыя дзяржавы наладзілі гандаль фанцікамі: багацейшая дзяржава прадавала фанцікі бяднейшай, а тыя ў сваю чаргу гуманоідам пазычалі… Усё закруцілася, як у віры…
Хоць і хацелася мне выказацца наконт гэтых фанцікаў і гульняў з імі, але змаўчаў — чакаў, чым жа скончылася гэтая забава.
— З кожным годам фанцікаў станавілася ўсё больш і больш. Нашы заводы па выпуску фанцікаў працавалі днём і ноччу. Кожны гуманоід імкнуўся ўхапіць як мага болей фанцікаў, хто быў з фанцікамі — той і пан быў… Само сабою — працаваць даводзілася, і тут ужо — няважна было, дзе і чым займаўся гуманоід, галоўным было — фанцікі ўмець зарабляць, вакол фанцікаў, як ля крыніцы гаючай, жыццё віравала… Новыя каштоўнасці, новая агульнапланетная мараль пачала выпрацоўвацца сярод нашых гуманоідаў і ўсё гэта — і мараль і каштоўнасці — так альбо іначай былі паяднаны з фанцікамі.
Але між тым пакрысе на нашу цывілізацыю бяда чорнай хмараю насоўвалася, з-за гэтых фанцікаў наша цывілізацыя ледзьве не ляснулася…
Колькі было падроблена фанцікаў, колькі крадзяжоў і забойстваў было з-за фанцікаў на Дзэце нашай! Ой-ёй-ёй, вялікая бяда насоўвалася на нас! Калі чэсна гаварыць, дык ужо ніхто дакладна і злічыць не мог, колькі было гэтых фанцікаў.
Цяпер ужо карла стаў у натуральную велічыню. Па пакойчыку пахаджваў і на мяне скоса пазіраў. Зырыўся на Лупавокага і ўпершыню на ягоным твары ўгледзеў нейкую як бы ўсмешачку.
…Ці насмешачку.
Вусны ягоныя васьмёрачкаю пачалі скручвацца, а вочкі-яйкі станавіліся вузейшымі…
— I што ж вы тады прыдумалі?
— Лісцікі і браназалецікі. На той час наша цывілізацыя дасягнула вашага ўзроўню. Камп’ютары ў нас паявіліся, праз спадарожнікі мы стварылі адзінае інфармацыйнае поле. На лісціку з дапамогаю камп’ютараў мы маглі запісаць, колькі ёсць у гуманоіда фанцікаў, ад нуля і да бясконцасці… Дапусцім, зарабіў гуманоід за дзень дзесяць фанцікаў — бац, праз камп’ютар інфармацыя і заносілася на лісцік. I зноў жа, у магазіне, напрыклад, гуманоід падносіў на выхадзе лісцік да датчыка спецыяльнага — бац, пяць фанцікаў як карова языком злізала…
— Ды я і сам пра гэта добра ведаю, амаль тое ж і ў нас творыцца, — махануў рукою Лупавокаму. — Зарплату атрымаеш і яна тут жа знікае з кішэні, быццам карова языком злізвае… Ты лепш раскажы, навошта вам бранзалецікі спатрэбіліся?
Цікавая, я вам далажу, гутарка распачыналася. I што дзіўна, усё больш свойскім станавіўся для мяне гэты карла. Цяпер я выразна бачыў, што ён усміхаецца.
А мо і насміхаецца…
— Вы кемлівы і здагадлівы чалавек, — чамусьці ўсё падхвальваў мяне Лупавокі. — Вам палец у рот не кладзі… Вы ўсё на ляту хапаеце. Кожнаму гуманоіду пры нараджэнні мы чаплялі на лапку бранзалецік. I — усё, усе праблемы вырашаліся самі па сабе, бо ўсё было пад кантролем. На бранзалецік мы маглі заносіць розную інфармацыю: дзе з’явіўся гуманоід, як сябе паводзіць, як вучыцца, якія парушэнні мае, колькі фанцікаў мае… Ваў, колькі інфармацыі мы маглі заносіць на бранзалецік! Праз ваколпланетнае інфармацыйнае поле — інтэрнэт па-вашаму — мы аб’ядналі інфармацыю з кожнага бранзалеціка ў адзіным суперкамп’ютары. I цяпер ужо, куды б гуманоід ні пайшоў, чым бы ён ні ўздумаў займацца, мы ўсё пра яго ведалі. У туалеце пакажацца, — а нам ужо вядома… Ні лісцікі, ні фанцікі нам не спатрэбіліся. Дапусцім, збіраўся гуманоід адпачываць. Ён у спецкантору прыходзіў, бранзалецік падносіў да спецдатчыка — ага, парушэнняў няма, фанцікі на рахунку маеш — можаш выпраўляцца… Прыязджаў ён адпачываць на марское ўзбярэжжа, дзе фінікі і аліўкі спеюць, а там ужо чакаюць яго, бо пад кантролем усё, жыві і радуйся на ўсім гатовенькім, бо ўсё аплачана: і нумары, і пітво рознае, і абеды чатырохразовыя — райскі стол называецца, шуруй да яго, бяры, чаго душа жадае…