Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 16
Василий Семенович Гигевич
Тут я ўвогуле нічога не мог сказаць, нават плячыма не мог паціснуць.
А ён далей гаварыў:
— Але не будзем занадта філасофстваваць, паразважаем пра час на рэальным прыкладзе. Возьмем для прыкладу жыццё ваша. Усе вы грашыма карыстаецеся. Дапусцім, вы сягоння бедны, гэта — адна падзея. А праз тыдзень багаценькім становіцеся, гэта — другая падзея. I як гэта можа адбыцца? Якая паміж гэтымі падзеямі сувязь?
Маўчу, вачыма лыпаю.
— Ну, як не здагадацца… Я вам грошы пазычу і вы — багаты. Дык якая форма змены падзей?
Маўчу, зноў жа — толькі вачыма лыпаю.
— Чаму вы сталі багатым? Таму, што грошы займелі… Як не здагадацца… Паміж рознымі падзеямі новая форма паявілася, і форма гэтая — грашыма называецца… Усё проста. Вы цяпер зразумелі, што грошы маюць непарыўную сувязь з часам? Грошы — гэткая ж філасофская катэгорыя, як і час. Без грошай, як і без часу, ніводная цывілізацыя не можа існаваць.
Цямніў ён нешта, ой, чэсна скажу, цямніў!
— Пачакай, пачакай… — сказануў я, — не блытай адно з другім. Грошы, яны во, — і пальцамі я пашчоўкаў перад тварыкам гуманоіда, — шалясцець у пальцах павінны, а час…
Паглядзеў на мяне пільна, быццам першы раз бачыў, — зноў у каторы раз нябачныя рэжысёры да мяне ягоныя вочкі наблізілі, і тут жа ў мяне адчуванне паявілася, што апроч гэтых вялізных чорных вачэй нічога ў свеце няма, былі гэтыя вочы як тыя касмічныя чорныя дзіркі, што ўсё жывое і нежывое ў сябе ўсмоктваюць і з сябе нічога не выпускаюць… I голас ягоны пачуў:
— Разумны вы чалавек… Не дарэмна вас сюды выправілі… Усё правільна, ды не зусім… Вось таму мы фанцікі і прыдумалі, каб грошай пазбавіцца. Як потым я дакажу, і вы самі ў гэтым упэўніцеся, фанцікі якраз гэтым ад грошай і адрозніваюцца, што напрамую сувязь з часам маюць. Ніякіх рабаўніцкіх працэнтаў у нас не было і ў паміне, мы проста адразу ж дамовіліся, што фанцікі з кожным днём усё даражэлі і даражэлі… Таму ў нас і выразы філасофскія паявіліся:
Фанцікі — гэта час.
Час — гэта фанцікі.
Усё рабілася па-справядліваму, на філасофскай аснове.
Навуковыя цэнтры ў нас паявіліся, там сувязь паміж фанцікамі і часам вывучалася, агромністыя канторы паявіліся, дзе фанцікі купляліся і прадаваліся, спецыяльныя даследаванні праводзілі мы, формулы і законы адкрывалі з дапамогаю якіх, гандлюючы фанцікамі, можна было выгаду мець. У вас гэта выгада прыбыткам называецца. Пра гэты прыбытак вашы класікі-прарокі цэлыя таўсценныя тамы панапісвалі.
Грошы — Тавар — Грошы, — вось як яны пісалі… А паміж імі прыбытак уклініўся…
— Ды не муці ты мне мазгі,— не вытрымаў я. — Пра гэты прыбытак я табе лепш анекдот раскажу. Адзін курыныя яйкі пачаў варыць і прадаваць па той жа цане, як і сырыя. Пытаюць у яго: які табе прыбытак з гэтага дзела? А ён: а навар, навар каму застаецца?..