Читать «Атамізацыя» онлайн - страница 14

Василий Семенович Гигевич

— Што будзеце піць?

Як казаў сябрук перад вяселлем, калі жаніўся на дваццацігадовай, справы, справы пачыналіся…

Уявіце сябе на маім месцы: вось у вас сакрэтная распіска, сакрэтнае спецзаданне і спецпадрыхтоўка, доўгі летаргічны сон, напружанае чаканне непрыемнасцей, адказнасць перад чалавецтвам, а тут на табе — і галасы ў галаве гучаць, і гэтая халаднаватая лапка гуманоіда, якую толькі што ў руцэ трымаў… Калі б гэта сон быў, то — можна зразумець, а тут — самая што ні ёсць рэальнасць… Адзін, сябрукоў блізка няма, падтрымкі няма ад каго чакаць. Што будзеш піць — пытаюцца…

I тады я заказаў…

Правільна, вы правільна падумалі наконт майго заказу.

4

Ачомаўся ў пакоях, якія нагадвалі гасцінічныя нумары. Усё мелася, што мне было трэба: і ванна, і туалетны пакой, і асобны пакой, дзе стаяў столік з незразумелымі стравамі, і яшчэ пакой, дзе адна сцяна была бліскучай і матавашэраю, а перад ёю стаяла крэсла. Скумекаў я — відэаэкран.

I яшчэ дапетрыў, што гуманоіды пачынаюць са мною нейкае ігрышча і мне цяпер заставалася гуляць па іх правілах, ці — не гуляць. Пакуль выбару ў мяне не было.

Памыўшыся, зубы пачысціўшы, перакусіўшы стравы незямныя, — то былі ні то кашы, ні то пюрэ незразумела з чаго прыгатаваныя, іх нават і жаваць не давялося — я тут жа пайшоў у пакой, дзе сцяна была матава-шэрай. Толькі ўсеўся ў крэсла, як засвяціўся экран і на ім паказаўся ўжо знаёмы мне маленечкі пузаценькі гуманоід. То быў не звычайны экран, а стэрэаэкран, з’явілася адчуванне, што жывы карла маячыць перад самымі вачамі, роцік ягоны то адкрываўся, то закрываўся…

Гуманоід той знаходзіўся ў нейкім пакоі, які тэлестудыю нагадваў. I гэтак жа, як у тэлестудыі, хтосьці нябачны — аператар нейкі ці рэжысёр, не ведаю, як назваць іх, — пачаў перад маімі вочкамі з гуманоідам усялякія фокусы вытвараць: ён станавіўся то — маленькім, то — агромністым на ўсю сцяну, то — ні з таго ні з сяго бліскучыя вочкі свае да мяне набліжаў і тады мяне жахоцце ахоплівала…

Лацвей было б, каб усё рабілася па-чалавечы, — хай бы гэты карла да мяне ў пакой зайшоў, за столік сеў і гутарку са мною пачаў. Дык жа не — ён як бы быў побач і ў той жа час — не было яго, нейкім няўлоўным ён станавіўся… I тады падумалася, што не карла галоўны завадатар пры знаёмстве са мною, а ўсе тыя нябачныя аператары і рэжысёры, якія робяць яго то вялікім, то маленькім.

Мабыць, і ў зямным жыцці штосьці падобнае творыцца, мо нават і палітыкі ўсяго толькі лялькамі з’яўляюцца, якія чыюсьці волю выконваюць, калі па тэлевізары інтэрв’ю даюць, калі на розныя сімпозіумы ездзяць і заявы робяць…

Карла падняў лапку ўгору і, усё зырачыся на мяне круглымі вочкамі, сказаў:

— Вітаю вас зноў. Сёння пачну знаёміць вас з нашай цывілізацыяй. Я наладжу вам цыкл пазнавальных лекцый. На экране будзеце тое-сёе бачыць. Нічога ад вас хаваць мы не збіраемся, бо вы для нас — госць жаданы. Перад адпраўкаю ў міжзорнае падарожжа пра нас, гуманоідаў, вам гаварылі шмат плётак, вучылі асцерагацца нас. Навошта, навошта?