Читать «Аліва і меч» онлайн - страница 9

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— Валі,- сказаў Воўкаў, загортваючыся ў шынель.

ІІІ

Дарогі. Дарогі. Дарогі.

Нахабныя мяшэчнікі штурмуюць вагоны. Цягнік паўзе, як слімак.

Пад шынялём пакет у сумцы, шчака адчувае драўляны нагрэты кабур Юстынавага маўзера. Спяць па чарзе.

Пад Барысавам банда абстраляла цягнік, але па ёй сыпанулі свінцовым бобам, толькі тлустыя бандыцкія коні мільганулі ў хмызах.

Дацягнуліся да Барысава. Дарэмна Юстын пагражаў маўзерам, торкаў яго пад нос начальніку станцыі з чырвонымі вачыма.

— Не магу, таварыш. Падмацаванне на фронт вязем.

— Сабатажнік ты. А той састаў, што на другім пуці?

— Забіты ўвесь. Не мне ж вас садзіць.

— Пайшлі, Арсень, — рашуча рыкнуў Шлык, — абыдземся без гэтага салапёкі, каб ён на хлеб спяваў.

— А ты таксама зух — з колам да мух, — адгыркаўся начальнік.

Рушылі да вагонаў. Набітыя, як пасада ячменнымі снапамі, яны вывяргалі лаянку і тытунёвы дым. Ля самых колаў сядзела жанчына з дзіцём, плакала.

Шлык сцягнуў за нагу нейкага таўстамордага — рэшатам не накрыеш — дзядзьку з торбаю. Другі паспрабаваў быў сунуць Юстына ботам па твары. Сцягнуў і таго, даў ляшча. Пагрозліва пасунуліся да Шлыка яшчэ два.

— Бач ты, лезе, камісар які.

— Пан, на саломе спіць, зубамі абшукваецца, — піснуў нехта з-за спін.

Юстын сказаў холадна і жорстка:

— Вы ў мяне зараз задзерацё пяты. Толькі расход не старцоў будзе ў саракавы дзень.

Вылезлі яшчэ тры, засукаючы рукавы.

Тады Арсень стрэліў у паветра. Юстын таксама выцягнуў маўзер і спакойна прамовіў:

— Ану, падыходзь бліжэй. А то сябра нешта завысака ўзяў. - I, прайшоўшы паўз аслупянелых людзей, палез у вагон. Хутка там пачалася бажба, крыкі, і з дзвярэй цяплушкі, услед за людзьмі, паляцелі хатулі, мяхі са збожжам, панскія, у аляксандраўскім стылі, ложкі.

Уцягнуўшы Арсеня ў пусты вагон, Шлык раптам высунуў галаву.

— Гэй ты, баба. Ану давай сюды… Дзяўчынка ў цябе якая… Як пяхцёр.

Высаджаныя з лаянкай беглі штурмаваць другія вагоны, але цягнік ужо рушыў, паплыў ля будынкаў станцыі.

I тады абодва белазуба ўсміхнуліся.

— А ты малайчына, — сказаў Арсень.

— Ды і ты нічога, — буркнуў Шлык, — як ты стрэліў.

I, памаўчаўшы, прыбавіў:

— Расправа са спекуляцыйным капіталам. Хай на хатулях едуць. — Лядок між імі растаў. Шлык сеў на падлогу і раптам пацягнуў з кута забытую торбу.

— Бач ты, бег як, падла. Глядзі, хлеб… і сала… і бульба. А гэта што? Ого. Шкада, што позна ўжо злезці.

На дне, закручаны ў марлю, ляжаў новенькі, заліты маслам бульдог, некалькі скрыначак з патронамі і дзесятак залатых калец.

— Першапачатковае накапленне капіталу, — сказаў Шлык.

I прыбавіў пасля доўгага маўчання:

— Зброю і золата здамо… А хлеб і сала… Гэй, баба, вазьмі ты гэта сабе… У цябе ўзята, табе і адплаціцца… Дзяўчынка, бач, галодная.

I збянтэжана сказаў Арсеню:

— Брыдка неяк такі хлеб есці.

IV

Харчовы камісар Расіі пад час даклада страціў прытомнасць ад голаду.

Калі Арсень і Юстын праходзілі паўз Зальца, ён сядзеў за сталом і мачаў мікраскапічны кавалак макухі ў шклянку з маркоўнай кавай. Перадчасна пасівелыя валасы яго звісалі на добрыя вочы. На шчоках блукалі чырвоныя плямы, і глянуў ён на сяброў вінавата.