Читать «Аліва і меч» онлайн - страница 8

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Шлык хацеў нешта сказаць, але памкнуўся раз-другі і махнуў рукою:

— Я лепей да рэўкома пайду, хай спяшаюцца, а тое тут з героя падлу робяць. Трэба яму нявіннасць абараніць, бо не вельмі нешта ён паручаецца.

Арсень зарагатаў. За Шлыком грукнулі цяжкія дзверы.

I тады Воўкаў раптам пасуравеў і спытаў гаспадара:

— Ну нашто вы так зрабілі?

Маеўскі цвёрда сціснуў сківіцы:

— Таму, што зусім не думаю такога пра Маркса і рэвалюцыю.

— Нашто тады дражнілі яго? А ён зусім было паверыў вам, калі вы так… расхваляваліся.

Маеўскі змрочна пахітаў галавою,

— Ён мяне раздражняе. Проста ў піку яму заспяваў бы хвалу Сашу Керанскаму… Я нікога не баюся, запамятайце гэта. I не з-за гэтага я сказаў вам, што рэвалюцыі веру.

— Чаму?

— Яна ўсё адно прыйшла б. I лепей хутчэй. Можа, і створаць нешта вартае. Усе, ад беларуса да апошняга камчадала, чакалі яе. А гаспадары жыцця забылі Бога, рабавалі, крыўдзілі. Бяздарнасць, нават калі робіць добрую справу — наробіць смуроду. У нас быў прыстанак для бяздарнасцей. У нас заўсёды горшыя кіравалі народам. I яны толькі жэрлі і спароўваліся. Прайгралі безліч войнаў, разлютавалі народ хціўствам сваім. I тады іх — віламі… Што ж, трэба будзе, — загіну і я. Толькі іх вось шкада да слёз.

Прыўзняўся і пацягнуў за сабою Арсеня.

— Я вам не буду паказваць заходняй калекцыі, хоць яна і каштуе зараз мільёнаў дзесяць. Яе заўсёды ацэняць… А сваё пакажу. Вось глядзіце, гэта Вашчанка гравіраваў. Ілюстраваў апокрыфы, за гэта яго і абвінавацілі ў ерасі. У каго яшчэ ёсць гэта?

Пальцы яго дрыжэлі над пажоўклымі з краёў аркушамі.

— Бачыце, смяюцца над Марыяй. Гэты, тлусты, як на Язэпа паказвае. Усе ведаюць, што не яго дзіця. А яна яго пад руку вядзе, ён сівы, згорблены. I гордая яна, і сціплая. I ўсміхаецца плоду свайму… Святая мая, чыстая… Вы думаеце, ён у Бога верыў? Не больш, чым я або вы. Людзі, брат, людзі ўсе.

Ён пацягнуў Арсеня далей:

- Іпаці Куцеянскі. Бачыце, нейкі ёлуп, Кунцэвіча-сыраядца слуга, відаць, раскалоў дошку. Дык я ўсё замацаваў… I нашто яму было калоць? А таму, што гэта Юры з мячом, твар зямлі нашай. Бачыце, сурова глядзіць і грозна. Вочы якія… візантыйскія. Такі не пашкадуе, калі няпраўду пабачыць. Паўстане супраць моцных і павергне ў пыл.

Ён цягнуў Арсеня далей і далей. Вякі праходзілі перад ім. Правай рукой ён да болю сціскаў плячо Воўкава, а пальцы левай песцілі бронзу і дрэва, струменіліся па золаце слуцкіх паясоў, гулялі парчой.

Яны не пабачылі, як на дварэ пачало цямнець, бо Арсень прымусіў гаспадара паказаць яму і новы жывапіс. Яны не заўважылі, як прыйшоў Юстын Шлык і паклаўся спаць. Апамяталіся толькі тады, калі другая свечка схіліла кноцік, затыркала і згасла.

Тады яны рассмяяліся, і Арсень пайшоў класціся спаць. Калі ён лёг поруч са Шлыкам, Юстын забурчэў, паўсонны:

— Я вось у Леніна спытаю, ці годна гэта, з класавым ворагам па начах размовы весці.