Читать «Аліва і меч» онлайн - страница 7

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— I збяднілі яе, — сказаў Воўкаў.

— I я ніколі не быў драпежнікам. Я зберагаў лясы, рабіў высечку толькі спелых і пераспелых. У Палессі яны ўсё адно гінулі марна. Каб не гэта, я меў бы не тры мільёны, а тройчы тры. I я еў горш за некаторых маіх рабочых, бо ў мяне было маё захапленне, падобнае на страсць. Усё ў жыцці было толькі дзеля гэтага… дзеля гэтых карцін… дзеля гэтага разьблёнага дрэва… дзеля жалеза… дзеля ўсяго, што нікому… ніколі не было патрэбна: ні раней — ім, ні зараз — вам. Што ж, жыццё не задалося… У мяне не было дзяцей, бо гэтае, што вы бачыце, былі мае дзеці: Андрэй Аршанскі, Іпаці Куцеянскі, ювелірныя рэчы Лазара Богшы, сапраўдныя гравюры Скарыны і Вашчанкі, Рыгор Мядзвецкі. Я не кажу пра Рублёва, Ушакова, Дзіянісія — іх купяць… Але вы, вы Іваны бязродныя… А тут яшчэ калекцыя старых фламандцаў, італьянскія карціны… наша скульптура… выключная, надзвычай рэдкая калекцыя зброі, старых кніг і тканін. Таго Скарыну я выпадкова спаймаў на віленскім развале, а за тую батлейку два гады гадаваў апошняга батлейшчыка на Беларусі.

Голас Маеўскага перасекся. Задыхаючыся, ён схапіўся рукою за грудзі. Мінула хвіліна цяжкага маўчання, і раптам гаспадар зноў кінуўся ў бой. Напэўна, яму стала сорамна хвіліны слабасці, бо ён напаў на Шлыка. Перад пастаяльцамі сядзеў чалавек і спакойным голасам, але адчайдушна біўся за нешта, імкнучыся ўцвярдзіць свой гонар.

— Учора Шлык сказаў, што я эксплуататар. Магчыма. Я вывучаў Маркса.

Ён непрыхільна глянуў на Юстына і адчаканіў:

— Гэта вельмі непрыемны пан, але ў яго ёсць логіка. Я ведаў, што мы загінем. Бяздарнае начальства даводзіла гэта кожным сваім учынкам. Дык вось, я ведаю, што такое прыбавачная вартасць і прыбавачная праца. Я свядома ішоў на прысваенне, бо без яго дзеці мае засталіся б сіратамі ў свінячым свеце, без яго іх знішчалі б невукі.

— А людзі, якіх вы рабавалі! — выбухнуў Шлык.

— А вы спытайце ў людзей на маіх пільнях, — выбухнуў у сваю чаргу Маеўскі. — А вы спытайце, як у восьмым годзе мае калегі цягнулі мяне на суд, як хацелі ўчыніць байкот, бо я плаціў удвая больш за іх, бо не заводзіў драпежніцкіх крам, не спойваў людзей гарэлкай. I гэта нягледзячы на тое, што на пільнях працавалі затурканыя палешукі. Вo што я мог зрабіць з імі…

I рука яго сціснулася ў кулак, такі жылавата-магутны, што адразу стала зразумела, што мог ён зрабіць з людзьмі.

— Я гэтага не зрабіў. Перад Богам буду адказваць я. I мне шмат даруюць, бо я еў мяса не часцей за сялян… А, ды што вам казаць, Шлык.

Памаўчаў і дадаў:

— Я дам вам адну карысную параду, хоць мне і не хочацца рабіць гэтага: вы мне непрыемны…

— Якую яшчэ? — відавочна збянтэжана спытаў Юстын.

- Навучыцеся глядзець на людзей як на людзей. Не трэба быць просталінейным, бо вы шкодзіце рэвалюцыі больш, чым я. Пакуль мала чалавечых існаванняў у вашых руках — вы карысны. Вы незаменны дыпкур'ер, вы цудоўны разведчык. Вы верны і мужны. Але дай вам у рукі гэтыя існаванні — вы будзеце тыран і таму вораг рэвалюцыі. I сумны будзе ваш канец.