Читать «Аліва і меч» онлайн - страница 16
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
I ён, падышоўшы да стала, узяў бронзавую малпу ў рукі.
- Бачыце, таварышы. Зараз там, за мяжой, яны трубяць пра тое, што мы малпы, якія вось так… думаюць над чалавечым чэрапам на руінах культуры. За трыста год свайго панавання яны амаль пераканалі ў гэтым наш народ. Але мы павінны стаць больш людзьмі, чым яны. Наша культура павінна стаць такой, каб яны з зайздрасцю глядзелі на яе, каб яны апынуліся ў стане трагладытаў, апранутых у шкуры. Яны, а не мы. I мы павінны паважаць лепшае нават у старым. Іначай… іначай у нас вырасце хвост.
I прыбавіў, паставіўшы статуэтку на стол:
— Перадайце старому маё прывітанне. Хай працуе доўга, сумленна, аддана. Ён патрэбен нам.
Воўкаў зірнуў на Шлыка і пабачыў, што той ледзь не плача ад сораму. Бура-чырвоны, Юстын ледзь здолеў прамармытаць:
— I відаць, што сапраўды я дурань… ахвяра імперыялістычнай нацыянальнай палітыкі…
Цяга яго да газетных слоў была непераадольнай. Ленін і Воўкаў зарагаталі з палёгкаю.
— Трэба, трэба думаць, таварыш, — весела сказаў гаспадар.
I працягнуў гасцям рукі:
Бывайце, сябры. Вы мне палюбіліся. У выпадку чаго… да мяне.
У гэты момант згасла святло, пакінуўшы іх у поўнай цемры. Ленін чыркнуў запалкай, запаліў свечку, што стаяла перад ім, і сказаў:
— Вось буду вас да самых дзвярэй суправаджаць. Вы ідзіце чорнымі сходамі, праз маю кватэру: тут будзе зручней і бліжэй да брамы.
На пляцоўцы ён стаў з падсвечнікам у руцэ, асвятляючы ім шлях. А яны спускаліся проста ў ноч, што вісела над вялізнай краінай, спускаліся па тых самых крутых сходах, па якіх сам гаспадар, не патрабуючы падтрымкі нічыёй рукі, ішоў паранены ў васемнаццатым годзе. Паранены за тое, што хацеў развеяць гэту ноч.
На апошняй паваротцы Арсень азірнуўся і пабачыў ружовую, пранізаную святлом далонь гаспадара і яго твар, асветлены няпэўным, мігатлівым сяйвам.