Читать «Аліва і меч» онлайн - страница 10

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

"Вы бачыце, я не прагны, — сказаў яго позірк, — але што зробіш, адшукалі мне шклянку кавы… Па загаду Леніна".

Сябры апусцілі вочы, праходзячы міма.

Як у тумане пабачыў Арсень невялікі кабінет, стол літарай "Т", шафы з кнігамі, скураныя крэслы для гасцей і простае — для гаспадара, чалавека, які ўзняўся з гэтага крэсла і сказаў:

— Сядайце, таварышы.

Арсень адчуў толькі, што рука чалавека гарачая і вельмі моцная, хоць ён і ніжэй яго на паўтары галавы, гэты каржакаваты стомлены чалавек. Зацыраваны закаўраш пінжака на правай руцэ, нямодны каўнер кашулі, а над ім лабастая, шышкаватая галава і вочы, дзіўныя вочы.

"Яны зусім непрыгожыя, — падумаў Арсень, — башкірскія нейкія, але што ў іх так цягне чалавека да сябе?.. Ага, ім зманіць нельга, адчуюць… I ласкавасць яшчэ… Ён загадзя чакае ад чалавека добрага".

I Воўкаў пачаў даклад, гледзячы не ў гэтыя вочы, а на бронзавую статуэтку на стале. Сядзела малпа і глядзела на чалавечы чэрап, які трымала ў руцэ. I твар яе быў звераваты і іранічны, з першым пробліскам думкі ў вачах. Ён пачынаў філасофстваваць, гэты малпін Гамлет, і першым аб'ектам яго думкі быў чэрап загінуўшага чалавека, ёмішча ўсяго сусвету.

"Хто ты? Друг ты ці вораг? Чаго ад цябе чакаць? Я яшчэ не ведаю, але нешта цьмянае, вельмі прыемнае заварушыцца і пад маім чэрапам таксама.".

Арсень збіўся з думкі і адчуў, што рука гаспадара лягла на яго рукаў.

— Вы не хвалюйцеся, таварыш.

І Ленін усміхнуўся дзіцячаю ўсмешкай, якой усміхаюцца толькі вельмі чыстыя і добрыя людзі.

— Гэта падарунак ад таварыша Гамера… Філасофская рэч, як бачыце, — сказаў ён.

Арсеню стала лягчэй, і ён пачаў казаць прадуманае: пра становішча на фронце, магчымае контрнаступленне палякаў, становішча са зброяю і хлебам.

Гаспадар прыкрыў вочы далонню — Арсеню стала значна лягчэй. I толькі рука Леніна крэсліла нешта на аркушы паперы.

Воўкаў не заўважыў толькі аднаго: праз няшчыльныя пальцы рукі глядзела на яго хітраватае і смяшлівае вока, ацэньвала:

"Відаць, чалавек шчыры і цвёрды… Мускулы каля рота якія прыемныя. I дзелавіты, са схільнасцю да аналізу… Добры хлопец".

Арсень скончыў і тут на яго абрушыўся такі град пытанняў, што ён ледзь не змок, адказваючы на іх. Выцягнута было ўсё, адразу ж класіфікавана, згрупавана, раскладзена на зручныя паліцы. Арсень адчуў, што яму стала лёгка гаварыць і ўсё стала значна ясней. Чаму?

"Ага, ягоная манера размаўляць — у тым, што ён дапамагае чалавеку думаць".

Пытанні пра становішча з бандамі, пра харчразвёрстку, пра адносіны католікаў да савецкай улады, пра мову і асаблівасці жыцця народа, пра паэтаў і агітацыю.

Усеабдымны, амаль нечалавечы па ёмістасці розум блукаў па ведах Арсеня і выціскаў іх. Гаварыў гаспадар і са Шлыкам пра харчовы стан на Беларусі.

I раптам:

- А з мастацтвам як? Адно скажу: не трэба разбазарваць народныя каштоўнасці.

- Я б расказаў вам, таварыш Ленін, пра аднаго… але гэта, можа, потым.

- Няма чаго пра яго казаць, Уладзімір Ільіч, — буркнуў Шлык. — Контра ён. Лепей дасылайце хутчэй вагоны. Можам адразу дзесяць эшалонаў адгрузіць, як лёду. Гэта той хлеб, што наша група вывезла.