Читать «Аліва і меч» онлайн - страница 11

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Ленін ледзь бачна ўсміхнуўся:

— Што ж, таварыш Шлык, важліва і тое і тое. Але хіба сапраўды пагаворым пра гэтага "аднаго" пасля, у мяне.

I паскардзіўся:

— Прымушаюць часам адпачываць. Сёння якраз няпоўны дзень, таму, калі ласка, да мяне. Паабедаеце. Бачыце, чатыры гадзіны.

— Уладзімір Ільіч, — абурыўся Шлык, — вы што, адпачынкам гэта называеце?

Ленін паклаў руку на яго плячо.

— А што ж, вам нельга чакаць. I харчовае пытанне ў краіне не чакае. Адпачнем потым.

Падняўся з-за стала, хуткай, "несаліднай", як адзначыў Шлык, хадою падышоў да карты Каўказа, што вісела на сцяне, пакрэсленая рознакаляровымі алоўкамі.

— Бачыце, якая нацыянальная блытаніна. А трэба ж будзе рабіць аўтаномію. Вось і поўзаем тут са знаўцамі па карце… Я вас што папрашу, таварыш Воўкаў, дашліце мне пасля карту Беларусі, і каб абавязкова на ёй былі адзначаны нацменшасці. Ну, там, скажам, палякі, караімы, рускія з Веткі.

— Якія гэта? — здзівіўся Арсень.

— А нашчадкі тых, што пры Кацярыне да вас уцяклі з-за рэлігіі, стараверы.

I раптам пасуравеў, вочы сталі вузкімі і жорсткімі.

— Такія ёсць мастакі па нацыянальнаму пытанню. Пішуць з радзімы: палова вёскі руская, палова — татарская. Прыязджае малады разумнік у скуры, і на ім чатыры маўзеры. Склікае татар спачатку: трэба зачыніць царкву, як дурман. Тыя з радасцю выносяць рэзалюцыю: зачыніць, хай гяуры лазоваму кусту моляцца. Праз тыдзень з'яўляецца ён на рускую палову. На зборах выносіцца прапанова: прыкрыць мячэць, зрабіць у ёй свінушнік. Дзядзькі б'юць у ладкі: ага, вы нам, дык і мы вам… А пасля — у дручкі. I дружба народаў у наяўнасці.

— Дык што ж, дазваляць ім народ дурманіць? — спытаў Шлык.

Ленін нахіліў набок галаву.

— Рэлігія, таварыш Шлык, жахлівая штука. Але яна пераконвала людзей з часоў Уладзіміра. I дубцом людзей у адваротным не пераканаеш, тым больш такім шкодніцтвам і галавацяпствам. Гідру мы рубаць навучыліся, а пераконваць — не. Лягчэй за ўсё зрабіць чалавека ворагам, а нам трэба зрабіць яго другам.

Арсень падміргнуў Шлыку. А Ленін раптам узяў іх пад рукі, сказаў:

— I мы ж не чысценькія. Нас у трох лугавых вадах варыць трэба, каб рэлігійнасць вывесці, ханжаства, хамства, бюракратызм.

I, моцна сціснуўшы локці сяброў, дадаў вельмі сур'ёзна:

— I трэба ўмець рабіць гэта, калі хочам жыць.

Вузкім калідорам яны рушылі налева і хутка трапілі ў кухню. Праз акно бачны быў гладкі булыжнік і худыя галубы на ім. Аднекуль здалёк, усе ў ружовым сонцы, даляталі на ўнутраны дворык гукі званоў.

Масква была старой, пыльнай, да суму звычайнай.

I чалавек, які збіраўся перавярнуць усё гэта, пасадзіў гасцей і сказаў ім:

— Мы звычайна тут абедаем… Пасядзім тут, цяплей.

I зябка сцепануўся: сапраўды, было даволі халодна, нягледзячы на лета. Потым ён узняўся і выйшаў з кухні.

Арсень агледзеўся, пабачыў пліту са звычайным начыннем, некалькі дравін каля яе, а праз дзверцы шафкі — разнамасныя кубкі.

Шлык зірнуў у пліту. Там быў жар, але на фаерцы стаяла толькі каструля з вадою.